Выбаркаму не спадабалася, што Васіль Курушын прапаноўваў магілёўцам запісацца ў ініцыятыўную групу Мікалая Статкевіча, каб той вылучыўся ў прэзідэнты ў наступным годзе.
23 верасня. Магілёў. Алесь Святліцкі / На фота – Васіль Курушын (злева) падчас аднаго з пікетаў
Увага! Пры перадрукоўцы гэтага матэрыяла іншымі СМІ, пазначэнне mspring.online як крыніцы з гіперспасылкай на арыгінал ў першым абзацы абавязковае!
У пятніцу, 20 верасня, Васіль Курушын збіраў подпісы для вылучэння кандыдатам у дэпутаты на парламенцкія выбары-2019 па Магілёўскай-Цэнтральнай акрузе №85 побач з гандлёвым цэнтрам «Парк-сіці».
На інфармацыйным стэндзе Курушына, апроч інфармацыі пра самога вылучэнца, вісеў партрэт палітыка Мікалая Статкевіча, які мае намер удзельнічаць у прэзідэнцкіх выбарах 2020 года. Курушын прапаноўваў магілёўцам ужо зараз запісвацца ў ініцыятыўную групу Статкевіча.
Таксама Курушын вывесіў плакат з патрабаваннем, каб Аляксандр Лукашэнка пакінуў пасаду прэзідэнта Беларусі.
На вылучэнца ў парламент паскардзіліся некаторыя гараджане. На месца выехаў сакратар акруговай выбарчай камісіі (АВК) Сяргей Казлоўскі, які зняў пікет Курушына на відэа.
На наступны дзень АВК вынесла папярэджанне патэнцыйнаму кандыдату:
– Пікет не адпавядаў мэце свайго прызначэння, пры яго правядзенні выкарыстоўвалася інфармацыя, якая не адносіцца да вылучэння асобы кандыдатам у дэпутаты Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь сёмага склікання шляхам збору подпісаў. Дадзеныя факты пацвярджаюцца відэаматэрыяламі, – гаворыцца ў рашэнні камісіі.
Па словах назіральніка Аляксея Колчына, калі Курушыну дадуць яшчэ адно папярэджанне, то яго могуць не зарэгістраваць кандыдатам у дэпутаты.