Галоўная дзяржгазета Магілёўскай вобласці выпусціла гамафобны артыкул.
24 чэрвеня. Магілёў. Ігар Лазоўскі
Газета «Магілёўскія ведамасці» вырашыла паўдзельнічаць у дыскусіі пра ЛГБТ+ і 22 чэрвеня ў №47 выпусціла тэкст журналіста Віктара Кубеки «Яно» нам трэба?».
Раней Кубека ужо заяўляў пра сваю гамафобную пазіцыю – у 2015 годзе ён напісаў для «Ведамасцяў» артыкул «Традыцыйны адказ на нетрадыцыйнае пытанне», у якім асудзіў геяў і лесбіянак.
У новым матэрыяле аўтар прыгадаў, што «атрымаў ад апанентаў «тытул» закасцянелага гамафоба».
Кубека заявіў, што «недапушчальна, калі непрыманне нетрадыцыйнай сэксуальнай арыентацыі людзей ставяць на адну дошку са зневажаннем свабоды асобы».
«Нацягнутасць гэтай тэзы відавочная, паколькі ніхто іх [ЛГБТ] свабоду не абмяжоўвае», – лічыць журналіст.
Тое, што амбасада Вялікабрытаніі вывесіла не так даўно вясёлкавы сцяг ЛГБТ, Віктар Кубека называе «чарговым дэмаршам ў піку нацыянальным маральным каштоўнасцям».
«Яшчэ адзін прыклад. Пры стварэнні так званых нетрадыцыйных сем’яў адзін з мужа і жонкі апранае ўбор мужчыны, а другі – жанчыны, няхай гэта будуць геі ці лесбіянкі. І ў той жа час яны прапаведуюць гендэрную роўнасць», – абураецца журналіст.
Ён асуджае, што ЛГБТ патрабуюць роўных адносінаў з іншымі членамі грамадства:
«А гэта значыць дазволу аднаполых шлюбаў, адкрыцця спецыфічных для іншых забаўляльных устаноў і інш».
На думку Кубеки, у беларусаў «гістарычна і фізіялагічна закладзены каштоўнасці, уласцівыя натуральнай прыродзе».
Заканчвае свой тэкст журналіст гульнёй слоў:
«З чыёйсьці не пазбаўленай дасціпнасці падачы трансгендэраў ахрысцілі займеньнікам «яно». Гэтыя людзі па ўласным жаданні пазбавілі сябе адной з асноўных функцый чалавека – працягу роду, што пракладае разам з аднаполымі шлюбамі шлях у нікуды. І, як кажуць у народзе, яно нам трэба?».