10 кастрычніка яму вярнулі тэхніку, якую вынялі яшчэ ў сакавіку.
10 кастрычніка. Магілёў. Алесь Святліцкі
Магілёўскі міжраённы аддзел Следчага камітэта ўручыў Станіславу Паўлінковічу пастанову аб спыненні крымінальнай справы па факце распаўсюджвання парнаграфіі.
Актывіста абвінавачвалі ў размяшчэнні парнаграфічнага роліка ў сацыяльнай сетцы «Укантакце». Паводле ягоных слоў, відэа, якое яму ставілі ў віну, з’явілася ў сацсетцы яшчэ шэсць гадоў таму. Пры гэтым у пастанове аб спыненні крымінальнай справы адзначаецца, што ролік знайшлі 17 лютага 2017 года супрацоўнікі Ленінскага РАУС падчас маніторынгу.Характэрна, што ў гэты ж дзень у Магілёве праходзіла акцыя пратэсту «Марш недармаедаў».
7 сакавіка ў Паўлінковіча адбыўся першы ператрус, у яго вынялі тэхніку. Больш за паўгады сябра аргкамітэта па стварэнні БСДП (Народная грамада) нічога не ведаў пра свой статус і лёс прылад. У сярэдзіне жніўня супраць Паўлінковіча распачалі крымінальную справу. Актывіста затрымалі для прад’яўлення абвінавачвання, але Следчы камітэт не знайшоў доказаў віны. Праз трое сутак арышту актывіст выйшаў на волю.
Пакуль ён быў у ІЧУ, у яго прайшоў яшчэ адзін ператрус, падчас якога канфіскавалі кампутар, жорсткі дыск і флэш-карты. Экспертыза ўстанавіла, што ў дзень размяшчэння відэароліка хлопец у сацыяльную сетку з вынятых прыладаў не заходзіў.
10 кастрычніка справу спынілі. Актывіст не хавае свайго палягчэння ў сувязі са сканчэннем крымінальнага пераследу. Паводле ягоных слоў, гісторыя з парнаграфіяй была прыдуманая ўладамі, каб дыскрэдытаваць і кантраляваць яго:
– Як я і меркаваў, нічога ў іх на мяне не было, бо я ніколі не размяшчаў у сацсетках парнаграфічных матэрыялаў. Відаць, не знайшлося істотных доказаў маёй віны для фабрыкацыі справы. Вырашылі такім чынам паказытаць мне нервы, запалохаць, прымусіць з’ехаць з краіны. У іх не выйшла. Я мяняць свае погляды не збіраюся, – заявіў Паўлінковіч.
Актывіст сцвярджае, што справу спынілі ў тым ліку з-за ўвагі незалежнай прэсы:
– Да гэтай справы была прыцягнута ўвага, пасадзіць ціха мяне не атрымалася. За гэта вялікі дзякуй незалежным журналістам і магілёўскім праваабаронцам.
Паўлінковіч мае намер і надалей займацца грамадска-палітычнай дзейнасцю.