Каардынатар магілёўскіх “Маршаў недармаедаў” Уладзімір Шанцаў выйшаў на волю.

29 сакавіка. Магілёў. Офіс АГП, Ленінская, 29. Ігар Лазоўскі. На здымке – Уладзіміра Шанцава забіраюць на цывільнай машыне ў ІЧУ пасля суда 14 сакавіка.


Уладзіміра Шанцава вызвалілі а 14 гадзіне 29 сакавіка разам з яго калегам з БХД Алегам Аксёнавым. Каля ІЧУ палітыкаў сустракалі прадстаўнікі дэмакратычнай супольнасці, журналісты і праваабаронцы. Увечары пасля вызвалення старшыня абласной арганізацыі АГП распавёў журналістам і паплечнікам падрабязнасці свайго затрымання і падзяліўся планамі на будучыню.

– Я прыехаў 14 сакавіка ў Ленінскі РАУС да маёра Слаўнікава. Ён адразу мне сказаў, што я затрыманы. Павезлі ў ІЧУ. Гадзін у 8 вечара змясцілі ў камеру. Самае хрэновае, што там пастаянна гарыць святло і спаць немагчыма. Раніцай мяне падпалкоўнік Калацілкін разам з нейкім маёрам прывезлі ў суд на асабістай машыне. Як я зразумеў, гэта было яшчэ да яго адкрыцця. Прычым увесь час, колькі мы ехалі, Калацілкін пастаянна камусьці тэлефанаваў і дакладваў аб нашым месцазнаходжанні і кірунку. У судзе хутка прыбегла задыханая суддзя з сакратаром. Амаль адразу пачаўся працэс, яны вельмі спяшаліся. Я спыніў яе, сказаў, што адміністрацыйны працэс адкрыты і таму я хачу, каб прысутнічалі гледачы, журналісты. Яна сказала, што гэта ўсё потым, пасля гэтага я адмовіўся ад дачы паказанняў. У справе было поўна здымкаў з акцыі. Мяне яна асабліва не слухала, чытала ўсё хутка нібы спрабавала хутчэй ад мяне пазбавіцца, – распавёў Шанцаў. – Ну, а потым вы ведаеце. Далі 15 сутак, спрабавалі ціха вывесці мяне з будынку суда, але журналісты заўважылі і я паспеў ім сёе-тое сказаць.

Палітык заявіў, што адміністрацыйны арышт не змяніў яго рашучасці дамагацца адмены Дэкрэта №3 і паляпшэнняў сацыяльна-эканамічнай сітуацыі. Аднак ужо без мітынгаў і маршаў:

– У сувязі з тым, што пачаліся жудасныя рэпрэсіі, трэба знайсці іншы фармат працы з людзьмі. У тым ліку і праз выбары ў мясцовыя саветы, якія пройдуць недзе праз паўгода. Народу трэба даць альтэрнатыву. Калі умоўны Марзалюк атрымае 3%, а не 15%, насельніцтва зразумее, што такім людзям нельга больш быць ва ўладзе, – лічыць Уладзімір Шанцаў.

Ад вулічнай актыўнасці палітык пакуль хоча адмовіцца:

– Насельніцтва запалохана. Заклікаць да акцый пратэсту цяпер няма сэнсу.

Па словах старшыні абласной арганізацыі АГП, цяпер ён і яго паплечнікі засяродзяцца на іншых формах работы. У прыватнасці, яны збіраюцца дамагчыся адклікання дэпутата Аляксандра Старавойтава з Палаты прадстаўнікоў:

Мы планавалі акцыямі 15 і 25 сакавіка запусціць хвалю народнага абурэння, пасля якога старшыня гарсавета не змог бы адмовіць людзям у скліканні сходу, дзе мы б разгледзелі пытанне аб адклiканнi дэпутата. Аднак жудасныя рэпрэсіі зблыталі ўсе карты.