Аляксей Кірыенка – пра бюракратызм, фальсіфікацыі на выбарах і выпампоўванне грошай.
17 красавіка. Магілёў. Аляксей Кірыенка, fb.com/ фота – «Маладыя дэмакраты»
Малады палітык, чалец Аб’яднанай грамадзянскай партыі, старшыня «Маладых дэмакратаў» Аляксей Кірыенка па адукацыі гісторык. Пасля заканчэння ВНУ ён працаваў у сярэдніх школах у Кадзіна і Сухарава ў Магілёўскім раёне. Праз чатыры гады пасля звальнення адтуль ён распісаў усё, што яго раздражняла ў гэтай працы – ад бюракратызму да грашовых пабораў.
БЮРАКРАТЫЗМ
Няважна, наколькі ты добры педагог, галоўнае – паперкі. Незапоўненая паперка = не зробленая праца. У адзін з першых дзён працы нас (настаўнікаў школ Магілёўскага раёна) сабралі ў Буйніцкай СШ на метадычнае з’яднанне. Перад намі размову трымала галоўны метадыст аддзела адукацыі, дагэтуль помню яе гаворку: “Прыязджаю з праверкай у адну са школ, адкрываю журнал – і што я бачу? Прыгажосць! Пасля назваў тэмаў урокаў усюды стаяць кропкі“. Можаце ўявіць сабе ступень здзіўлення маладога настаўніка такому “спічу”: як кропка у канцы запісу паўплывае на працэс навучання і выхавання?
Варта сказаць, што кіраўнікі, што хітрэйшыя, вырашаюць пытанне метадычных праверак наступным чынам: падсоўваюць 1-2 узорныя журналы, а пасля накрываюць “паляну”.
СТАЛАЕ ВЫПАМПОЎВАННЕ ГРОШАЙ
Пры адносна невялікіх заробках, у настаўнікаў увесь час клянчыць грошы адміністрацыя. Вядома, у самаахвотна-прымусовым парадку. Калі ў школы ёсць план па аказанні платных паслуг (легальнае рэпетытарства), то многія кіраўнікі спачатку збіраюць грошы з настаўнікаў. План выкананы, кіраўнік (дырэктар) – малайчына, а настаўнік змушаны “адбіваць” грошы, угаворваючы вучняў прыйсці на платныя дадатковыя заняткі. Апроч гэтага, вядома ж, платная падпіска на ўсялякі шлак накшталт газет “Беларусь Сёння”, “Настаўніцкая”, газеты МНС і іншых. Пры мне падпіска каштавала каля 30-40 рублёў пры заробку ў 300.
І, вядома ж, здаванне грошай у фонды свету, ААН, Чырвонага крыжа, сіняга трохкутніка і чорнага квадрата. Адмова ад здавання, прынамсі, у маім выпадку, спараджала спачатку выклік “на дыван” (дырэктар не выконвае план і не збіраецца з гэтым мірыцца), а потым – кругавую паруку: настаўнікаў проста прымусілі скінуцца за мяне. Вядома, усе былі «ў захапленні».
ІДЭАЛАГІЧНАЯ АПРАЦОЎКА
Справядлівасці дзеля, трэба адзначыць, што ідэалагічная апрацоўка не такая моцная. Навошта апрацоўваць людзей, якія і так паказваюць сябе як самы бяспраўны пласт грамадства і выканаюць кожны загад.
Але былі і тут непрыемныя моманты. Кіраўніцтва Кадзінскай школы, у якой я выкладаў гісторыю, ведала пра маю палітычную пазіцыю, чытала мае артыкулы і неаднаразова заводзіла гутаркі тыпу “вось прыехалі б лепш у суботу дадаткова папрацавалі. Чым вы заняты? Артыкулікі свае строчыце?”.
Характэрны выпадак, які паказвае «ўдалую» моладзевую палітыку дзяржавы, здарыўся ў снежні 2013-га года. Маладых адмыслоўцаў рэгіёну розных спецыяльнасцяў сабралі ў райвыканкаме. Перад намі, апроч іншых, выступіў «дэпутат» Палаты прадстаўнікоў, які расказваў пра згубнасць украінскага еўрамайдана і пра нашу высокую місію.
Пад канец сваёй палымянай гаворкі ён з гонарам спытаў «Ну што, хто плануе застацца на месцы размеркавання па сканчэнні двух гадоў?». Са 100-150 чалавек рукі паднялі каля дзясятка. Народны выбраннік быў расчараваны: «Якія вы несвядомыя, відаць, слаба працуюць з вамі…». Зала адказала смехам.
СУБОТНІКІ
Без каментароў. Святы абавязак настаўніка – выйсці папрацаваць і пасля гэтага здаць грошы. Фактычна, плоціш за магчымасць папрацаваць у выходны.
УДЗЕЛ У ФАЛЬСІФІКАЦЫІ ВЫБАРАЎ
Адразу скажу, мяне, па вядомых прычынах, ад гэтага «захоўвалі» і не прыцягвалі да працэсу, аднак калегі – чальцы камісій расказвалі дзіч: калі за ўсю сям’ю прыходзіць галасаваць галава сямейства, а яму ў рукі даюць пачак бюлетэняў. Настаўнік, які бачыць парушэнні, павінен маўчаць, бо ўсе разумеюць, што ўсе парушэнні адбываюцца з санкцыі начальства.
ТАТАЛЬНАЯ АДКАЗНАСЦЬ
Настаўнік, на думку кіраўніцтва школы, адказны за дзіцё ў любы час дня і ночы. Пры мне быў выпадак, калі настаўніка выклікалі «на дыван» за тое, што яго вучні пабілі шкло ў прыватнай хаце ў нядзелю.
КРУГАВАЯ ПАРУКА
Пра гэта ўжо згадваў вышэй: не паводзіш сябе так, як усе – значыць ты белая варона і «самы разумны, ці што». Гэтым з поспехам маніпулюе кіраўніцтва.
ЗАЙЗДРАСЦЬ І СТАЛАЯ ГРЫЗНЯ З-ЗА КАПЕЕК
Пасля выдачы маленькіх заробкаў – сталая незадаволенасць і абмеркаванне, якім чынам была падзелена прэмія, каму дасталася больш, і чаму цябе, добрага, абдзялілі.
ДАНОСНІЦТВА
Школа – прыстанак незадаволеных. Нярэдкія даносы як дырэктару адзін на аднаго, гэтак і на самага дырэктара начальніку аддзела адукацыі. Пры мне такое таксама было. Пасля гэтага – разборы, чуткі і «паляванне на вядзьмарак», якія могуць прывесці і да змены кіраўніцтва, калі ў яго няма хаця б адной «падвязкі» у аддзеле адукацыі.
ЗАМЕСТ ВЫСНОВЫ
Хачу адзначыць, што ўсё вышэйсказанае не сведчыць пра тое, што нехта дрэнны ці добры. Гэта сведчыць пра тое, што дзяржава і «калгасны рэжым» можа рабіць не толькі з людзьмі, але і з цэлымі калектывамі і прафесіямі. Стварыце для педагогаў чалавечыя ўмовы, і праз некаторы час вы не пазнаеце школу. А я, пакуль гэтага няма, буду шукаць сябе ў іншых сферах.