Імя галоўнага дэпутата вобласці было вядома яшчэ да выбараў.

27 лютага. Магілёў. Ігар Лазоўскі. Здымак – Галіна Гаўрыловіч, mogilevnews.by


Дэпутаты новага склікання абласнога Савета абралі новае кіраўніцтва. Старшынёй стаў чыноўнік аблвыканкама Дзмітрый Харытончык (Юбілейная акруга №36), яго намеснікам – галоўны рэдактар ІА «Магілёўскія ведамасці» Святлана Шутава (Тэкстыльная акруга №33).

Дзмітрый Харытончык займае пасаду старшыні аблвыканкама і курыруе пытанні мадэрнізацыі прадпрыемстваў вобласці, інвестыцый, а таксама сочыць за выкананнем эканамічных планаў.

Яго абранне дэпутатам і будучую пасаду кіраўніка за два тыдні да выбараў прадказаў старшыня абласной арганізацыі АГП Уладзімір Шанцаў.

Харытончык – воўк дэпутацкай службы. У 2012 годзе ён трапіў у парламент, дзе ўзначаліў пастаянную камісію па прамысловасці, паліўна-энергетычным комплексе, транспарце і сувязі Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу.

Таксама прадказвалася, што намеснікам Харытончыка ў аблсавеце стане намеснік старшыні Адміністрацыі Ленінскага раёна Ірына Раінчык, якая займала раней гэтую ж пасаду. Аднак новым намеснікам зацвердзілі Святлану Шутаву.