Сяргей Васільеў, які ўцёк у Польшчу з Гомеля,  даў інтэрв’ю каналу «БелСАТ», у якім распавёў пра метады камітэтчыкаў.

20 чэрвеня. Магілёў. Ігар Лазоўскі


«Белсат» апублікаваў інтэрв’ю з грамадзянінам Беларусі Сяргеем Васільевым, які атрымаў від на жыхарства ў Польшчы і цяпер знаходзіцца там. Сябе ён называе інфарматарам КДБ пад пазыўным «Сымон», якога завербавала Гомельскае ўпраўленне КДБ яшчэ 20 гадоў таму. Першапачаткова ў функцыі Васільева ўваходзіла распазнаванне ухілістаў ад службы ў войску, затым антынаркатычная дзейнасць.

Пазней, як распавёў Васільеў, яму прапанавалі дзейнічаць супраць мясцовых прадстаўнікоў апазіцыі, праваабаронцаў і актывістаў.  Адзін з метадаў, які апісаў «Сымон», вельмі падобны на тое, што мы можам назіраць у Магілёве.

Па словах Сяргея Васільева, у 2007 годзе да яго звярнуўся супрацоўнік КДБ з просьбай стварыць сайт. Так з’явіўся gomelbest.com, на падтрымку якога былі вылучаныя грошы. Неўзабаве там пачалі з’яўляцца артыкулы негатыўнага характару пра апазіцыю.

– За ўтрыманне адказвалі непасрэдна супрацоўнікі КДБ, – паведаміў БелСАТ Васільеў. Дарэчы, сайты накшталт gomelbest.com яны ствараюць па ўсёй краіне».

Ахвярамі нападак гомельскага сайта былі, да прыкладу, праваабаронца Леанід Судаленка і актывіст незалежнага прафсаюза Андрэй Стрыжак.

Практычна ў ідэнтычным стылі дзейнічае магілёўскі сайт voskresinfo.com. Ён цалкам падыходзіць пад тое апісанне, якое даў Сяргей Васільеў для gomelbest. Толькі там спрабавалі ўсяляк зняважыць гомельскіх прадстаўнікоў апазіцыі і дэмакратычнай супольнасці, а voskresinfo дзейнічае па Магілёўскім рэгіёне. У розныя часы там публікаваліся негатыўныя матэрыялы пра мясцовых палітыкаў Ігара Барысава, Уладзіміра Шанцава, Наталлю Шкадун, пра журналістаў Аляксандра Буракова і Алеся Асіпцова, а таксама пра шматлікіх актывістаў.

Па словах Сяргея Васільева, героі публікацый на gomelbest перыядычна звярталіся ў міліцыю, патрабуючы высветліць, хто кіруе сайтам. Міліцыя давала адпіскі тыпу «усталяваць асобу, якая размясціла дадзеную інфармацыю, не ўяўляецца магчымым».

Ідэнтычная сітуацыя склалася і ў Магілёве. Актывіст Антон Касцоў, намеснік старшыні партыі БСДП (Грамада) Ігар Барысаў і журналіст Аляксандр Буракоў звярталіся ў пракуратуру і міліцыю са скаргай на гэты сайт, аднак выніку не дамагліся.

Буракову паведамілі пра тое, што асобу, якой належыць voskresinfo.com, усталяваць не атрымалася. Барысаву паведамілі, што сервер сайта знаходзіцца на Украіне, а Касцову – што ў Расеі.

Пры гэтым Барысаў правёў уласнае расследаванне і даведаўся, што дамен і хостынг зарэгістраваныя на імя грамадзяніна Беларусі, які прапісаны ў Магілёве.

Зрэшты, адрозненне паміж gomelbest і voskresinfo ёсць. Гомельскі сайт абнаўляецца часцей і дзейнасць яго выглядае больш прадуманай, чым у магілёўскіх калег, якія абнаўляюць сайт раз у два-тры тыдні, прычым выгружаюць адразу па 2-3 артыкула. Актывізацыя адбываецца падчас сацыяльных пратэстаў і выбарчых кампаній, калі уладам трэба збіць рэдкі інфармацыйны прарыў «пятай калоны».

Часткова гэта паказвае на другаснасць праекта, на які не кінулі шмат сіл. Але пры гэтым займацца ім неабходна, паколькі трэба даваць справаздачу перад начальствам.

Вядома, Камітэт дзяржаўнай бяспекі наўрад ці прызнае словы Васільева праўдай, як і тое, што за gomelbest.com і voskresinfo.com стаяць менавіта камітэтчыкі. Але калі «Сымон» не схлусіў, тады становіцца відавочнай прыналежнасць магілёўскага сайта да агульнабеларускай сеткі «парталаў нянавісці».

Мабыць, для абароны «дзяржбяспекі».