Рыгор Кастусёў заявіў аб незаконным пераследзе.
28 студзеня. Шклоў. Алесь Святліцкі
Суддзя Шклоўскага раённага суда Святлана Баранцава 28 студзеня распачала працэс у дачыненні да старшыні партыі БНФ Рыгора Кастусёва.
Згодна з матэрыяламі справы, палітык парушыў закон аб масавых мерапрыемствах (ч.1. арт. 23.34 КаАП), калі прыняў удзел у несанкцыянаванай уладамі акцыі пратэсту супраць інтэграцыі Беларусі і Расіі 20 снежня.
З самага пачатку Кастусёў хадайнічаў аб дазволе фота-відэаздымкі і вядзенні працэсу на беларускай мове. Суддзя задаволіла пажаданні палітыка, праўда, забараніўшы фатаграфаваць сябе.
Падчас паседжання кіраўнік БНФ пацвердзіў, што ён удзельнічаў у пратэстнай акцыі на плошчы Незалежнасці ў Мінску 20 снежня. Пры гэтым ён адзначыў, што нічога супрацьзаконнага не рабіў.
– Наша Канстытуцыя і розныя міжнародныя дамовы, якія ратыфікавала Беларусь, дазваляюць мне, як і любому грамадзяніну нашай краіны, мірна ўдзельнічаць любым спосабам у абсалютна любых мірных масавых мерапрыемствах, як санкцыянаваных, так і несанкцыянаваных, але не парушаючы забаронаў, якія устаноўленыя арт.23 Канстытуцыі і арт.21 і п.3 арт.19 Міжнароднага пакта аб грамадзянскіх і палітычных правах, – заявіў Кастусёў.
Ён удакладніў, што сваім удзелам у масавым мерапрыемстве ён нікому не перашкодзіў і не нёс ніякай пагрозы грамадзкаму парадку.
Акрамя таго, ён звярнуў увагу на тое, што фатаграфія з матэрыялаў справы, на якой ён нібыта знаходзіцца на плошчы Незалежнасці – адзін з доказаў ягонай вінаватасці, – была зробленая цалкам у іншым месцы і ў іншы час.
Кастусёў выказаў здзіўленне, чаму на працэсе няма сведак яго ўдзелу ў акцыі пратэсту – супрацоўнікаў міліцыі, якія ў наступным напісалі пра палітыка ў сваіх рапартах. Ён хадайнічаў аб іх выкліку ў суд і наступным апытанні, з чым пагадзілася суддзя Баранцава. У пасяджэнні зроблены перапынак да 10 лютага.