Зяць старшыні партыі БНФ Зміцер Антончык лічыць наезд уладаў на Рыгора Кастусёва «гульнёй спецслужбаў»

Палітык, экс-кандыдат у прэзідэнты і старшыня партыі БНФ Рыгор Кастусёў быў затрыманы супрацоўнікамі КДБ у Шклове 12 красавіка. Пазней з’явілася інфармацыя, што ён знаходзіцца пад вартай у СІЗА КДБ у Мінску як “падазраваны ў арганізацыі і падтрымцы «дзеянняў, што груба парушаюць грамадзкі парадак”.

Неўзабаве ў Маскве сумеснымі сіламі КДБ і ФСБ былі затрыманыя беларускі філолаг і палітолаг Аляксандр Фядута, а таксама адвакат Юрась Зянковіч. Як аказалася, гэта падзеі аднаго кшталту: у эфіры дзяржаўнага тэлеканала АНТ кіраўнік КДБ Іван Церцель заявіў, што Фядута, Зянковіч і Кастусёў арганізавалі злачынную групу, мэтай якой было звяржэнне ўлады.

Аляксандр Лукашэнка, у сваю чаргу, заявіў, што гэтыя ж людзі планавалі знішчэнне яго і ягонай сям’і.

На ўсіх траіх завялі крымінальную справу па арт. 357 КК РБ (Змова або іншыя дзеянні, учыненыя з мэтай захопу цi ўтрымання дзяржаўнай улады неканстытуцыйным шляхам) – упершыню ў гісторыі Рэспублікі Беларусь.


АД ЗНАЁМЫХ – ТОЛЬКІ ПАДТРЫМКА


MSPRING.MEDIA папрасіў пракаментаваць сітуацыю з Рыгорам Кастусёвым яго зяця – Зміцера Антончыка, у якога на наступны дзень пасля затрымання старшыні партыі БНФ таксама прайшоў ператрус.

Тое, што мы бачылі – гэта, вядома, гульня спецслужбаў, на мой погляд. Ведаючы Кастусёва, ніколі не паверу, што гэты чалавек мог задумаць гульні, звязаныя з такімі пагрозамі. У дачыненні да Рыгора там паказана так, што ніякіх доказаў нету, там нейкая нарэзка, агульныя фразы. Адзіная яго фраза, якую яны паказалі – я не бачу прычын падцягваць яго пад тое, што яму збіраюцца інкрымінаваць», – падзяліўся меркаваннем аб сюжэтах на тэлеканале АНТ Антончык.

Зміцер Антончык

Паводле яго слоў, «самае страшнае, што ёсць невялікі адсотак грамадзян, якія вераць у тое, што паказвае тэлебачанне і яны рэагуюць на гэта па-свойму, а мы, як жыхары невялікага гарадка Шклова можам на сабе гэта адчуць».

– Ад знаёмых, акрамя падтрымкі, я ніякай рэакцыі не бачыў. Але на некалькіх прыкладах магу сказаць, што людзі адварочваюцца, імкнуцца пазбягаць. Не ведаю. Гэта альбо страх, альбо нейкае незадаволенасць, – распавёў Зміцер.


ШТО АДБЫВАЕЦЦА З КАСТУСЕВЫМ У СІЗА КДБ?


Сям’я спрабавала даведацца, што канкрэтна інкрэмінуюць Рыгору Кастусёву, аднак інфармацыі па-ранейшаму вельмі мала. Вядома, што першапачаткова родным Кастусёва назвалі іншы артыкул, з-за якога затрымалі палітыка. Ужо падчас ператрусу ў самога Дзмітрыя ён даведаўся ад аднаго з сілавікоў, што Кастусёва падазраюць «у дзеяннях, накіраваных на звяржэнне ўлады».

Інфармацыі вельмі мала. Адвакат спрабаваў прарвацца да Рыгора, але там, як да мяне дайшлі чуткі, не ў вельмі добрай форме сказалі, што паведамяць, калі да яго можна будзе патрапіць. Пасля гэтага быў прызначаны час адвакату, калі будзе допыт, але потым тут жа ператэлефанавалі і сказалі, што допыт будзе ў аўторак [20 красавіка]. У аўторак павінна быць сустрэча сам насам, – распавёў Антончык.

Згодна з асабістых назіранняў Дзмітрыя, у яго цесця, магчыма, і былі нейкія рэдкія кантакты з Зянковічам, паколькі той мае дачыненьне да БНФ. А вось з Фядутам Антончык «не бачыць наогул ніякіх агульных поглядаў».

– Мне здаецца, гэта два зусім розных полюса палітычных поглядаў. Для мяне было вельмі вялікае здзіўленне, што іх «запісалі» у адну кампанію, – заявіў зяць Кастусёва.


НА ПЕРШЫМ ПЛАНЕ Ў КАСТУСЕВА БЫЛА СЯМ’Я


Што вельмі важна, Кастусёў не збіраўся выязджаць з краіны (тых жа Фядуту і Зянковіча затрымалі ў Маскве).

Усе планы Рыгора тычыліся толькі сем’і. Ён з унучкай займаецца школьнымі прадметамі, у нас усё было распланавана, яны ўвесь час маюць зносіны, яна ходзіць да яго ў госці, ніякіх планаў, наколькі я ведаю, іншых не было, – сказаў Антончык.

Мужчына лічыць надуманымі абвінавачванні, якія прагучалі ў эфіры АНТ на адрас Кастусёва:

Шчыра кажучы, я думаю, што ўсё ж такі справу будуць раскручваць, але я не дапускаю, што Кастусёў мог у нейкіх размовах дапусціць выразы, якія б сталі прычынай для прыцягнення да адказнасці па тым, што яму ставяць у віну. Гэта значыць я думаю, што артыкул павінны памяняць як мінімум. Магчыма, будзе 342-ая, калі далей ціск будуць аказвацца. Калі б на яго было нешта сур’ёзнае, гэта было б паказана ў сюжэце. А ў сюжэце на Кастусёва я не ўбачыў нічога. Калі гэта ўсё, што ёсць – то нічога не змогуць выцягнуць на гэты артыкул.