Беларуская Палата прадстаўнікоў адрэагавала на петыцыю магілёўца Антона Касцова, які прапанаваў увесці кантроль на мяжы з Расійскай Федэрацыяй.
15 снежня. Магілёў. Ігар Лазоўскі
Старшыня Пастаяннай камісіі Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь па нацыянальнай бяспецы Валянцін Міхневіч у адказ на петыцыю Антона Касцова заявіў, што «Палата прадстаўнікоў не ўпаўнаважаная на ўвядзенне і ажыццяўленне пастаяннага мытнага і памежнага кантролю на мяжы з РФ, паколькі гэта не ўваходзіць у яе кампетэнцыю» .
Пры гэтым Міхневіч заўважыў, што адкрытасць межаў з Расеяй – гэта добра.
«Менавіта адсутнасць межаў паміж нашымі дзяржавамі мы лічым адным з найбольш значных дасягненняў Саюзнай дзяржавы, паколькі гэтым забяспечваецца рэальная свабода перамяшчэнняў грамадзян Беларусі і Расіі, а таксама трэціх краін», – заявіў у сваім адказе старшыня камісіі па нацбяспекі.
Валянцін Міхневіч выказаў упэўненасць у тым, што любыя злоўжыванні досыць лёгка выяўляюцца і караюцца:
«Мы лічым, што існуючая ўжо практычна 20 гадоў сістэма эфектыўная, разумная і дастатковая з пункту гледжання бяспекі», – заявіў на заканчэнне дэпутат.
Антон Касцоў ў дадзены момант чакае адказаў з Дзяржаўнага мытнага і пагранічнага камітэтаў. Нагадаем, што актывіст сабраў больш за паўтысячы подпісаў з просьбай увесці кантроль на мяжы паміж Рэспублікай Беларусь і Расійскі Федэрацыяй.