Сяргея Куродава і яго суседзяў  могуць пазбавіць кватэр, надаўшы жылому дому, дзе яны знаходзіцца, статус інтэрната.

У гэтым годзе спаўняецца сорак год, як магілёвец Сяргей Куродаў жыве ў доме №29 па вуліцы Заслонава. Звычайна людзі не заўважаюць падобных юбілеяў, але ў выпадку з Куродавым 2016 год можа стаць сапраўды асаблівым – ён можа папоўніць шэрагі магілёўскіх бамжоў.

ААТ “Будаўнічы трест № 12” кіруючая кампанія холдынгу “Будтрэст-Холдынг” вырашыла праз суд выселіць Сяргея. Падставай стала нібыта тое, што дом заўседы з’яўляўся інтэрнатам, а не жылым памяшканнем з частковымі выгодамі, а сам Куродаў заключыў дагавор найму. Але жыхар упершыню дазнаўся пра тое, што ён жыве ў інтэрнаце, толькі перад высяленнем – па ягоных словах, “дагавор найму” з’явіўся амаль праз 17 год пасля таго, як мужчына пачаў жыць у памяшканні.

Пра тое, што мне прадастаўляюць ў 2002 годзе маю кватэру №31 у якасці пакоя №31 у інтэрнаце мяне ніхто не інфармаваў. Той “дагавор найму”, што існуе – гэта фіктыўны дагавор найму жылога памяшкання ў 2002 годзе, які быў надрукаваны без майго ведама на чыстым месцы ліста зверху над маёй распіскай аб тым, што я абавязуюся плаціць камунальныя паслугі, ужо пасля яе напісання, – распавёў Сяргей.

5 лютага адбылося судовае пасяджэнне ў судзе Ленінскага раёну, на якім прысуд быў на карысць “Будаўнічага трэсту”.

Адразу пасля гэта Сяргей Куродаў накіраваў скаргу ў судовую калегію па грамадзянскіх справах абласнога суда, бо, як лічыць, у яго ёсць падставы, каб выіграць. Справа ў тым, што Сяргей Куродаў не адзіны такі жыхар дома №29 – у падобнай сітуацыі апынуліся амаль усе ягоныя суседзі.

25 лютага ўсе жыхары падпісалі скаргу, якую накіравалі ў Адміністрацыю прэзідэнта, Міністэрства ЖКГ, абласную пракуратуру і выканкамы. У ёй жыхары дома просяць прызнаць, што іх жылле – гэта жылыя дамы, а не інтэрнат, і прызнаць усе дакументы, на якія спасылаецца “Будтрэст” незаконнымі.

На сваю карысць яны прыводзяць тое, што з 1963 па прыкладна 2000 год ім выдаваліся даведкі, у якіх было пазначана, што жывуць яны ў жылых дамах з абмежаванымі  выгодамі. Тое, што апошнія 15 год яны жылі ў інтэрнатах, людзі даведаліся толькі ў апошні час. Пры гэтым яны звяртаюць увагу на тое, што ім пагоршылі жыллёвыя ўмовы, не папярэдзіўшы. Таксама яны валодаюць цэлым пакетам дакументаў, у якіх пацвярджаецца статус іх жылых дамоў, а не інтэрната.

Як адзначае праваабаронца Барыс Бухель, ад гэтай скаргі шмат што залежыць:

– Акрамя гэтай агульнай скаргі, існуюць прыватныя звароты “Будтрэста” ў суд да жыхароў з вуліцы Заслонава аб іх высяленні без прадстаўлення іншага жылля. Калі ўлада, тая ж Адміністрацыя прэзідэнта, стане на іх бок, гэта аўтаматычна азначае перамогу, тыя асобныя суды нават не спатрэбяцца. Аднак калі ж будзе вынесена рашэнне на карысць “Будтрэста №12”, людзі могуць апынуцца на вуліцы. Тады яны будуць вымушаны аспрэчваць у судах гэтыя рашэнні.

На здымку – праваабаронца Барыс Бухель дапамагае жыхарам дома №29 па вуліцы Заслонава скласці скаргу