Беларускія папраўчыя калоніі на мінулым тыдні зноў сутыкнуліся з масавымі праблемамі са званкамі.
Частку калоній, як, напрыклад, віцебская ПК-3 “Віцьба”, ажыццяўляюць відэа і, часта, аўдыёзванкі праз праграму Skype. Аднак спробы патэлефанаваць аказваюцца ўдалымі толькі ў палове выпадкаў, і ніхто не можа зразумець, у чым праблема. Сітуацыя не залежыць ад горада пражывання сваякоў асуджаных і характэрна для ўсёй краіны. Праўда, у большасці сваёй яны карыстаюцца пірацкімі версіямі софту.
Але такая ж праблема і ў калоніях, як, напрыклад, у гомельскай жаночай ПК-4, дзе базавым месэнджэрам стаў Viber. Адміністрацыя калоніі добрасумленна водзіць атрады на рэжымныя званкі, але сувязь альбо падвісае, альбо да абанентаў не даходзіць сігнал, а пазней смартфоны паказваюць, што была спроба званка. Такая сітуацыя была ўвесь мінулы тыдзень.
Нагадаем, беларускія папраўчыя калоніі масава перайшлі на IP-тэлефанію цягам мінулага года з-за адмовы “Белтэлекама” абслугоўваць старыя таксафоны. Пасля замены абсталявання не было ніводнага месяца, каб сувязь працавала стабільна.