Магілёўскі актывіст Сяргей Тышкавец, які падставіў палітвязня і зняўся ў прапагандысцкім роліку АНТ, яшчэ ў 2016 годзе хацеў стаць інфарматарам для КДБ.
У базе даносаў КДБ, здабытай “Кіберпартызанамі”, знайшлося два паведамленні ад імя актывіста Сяргея Тышкаўца. Абодва – да 2020 года.
Так, яшчэ ў 2016 годзе Тышкавец звярнуўся ў КДБ “як грамадзянін з актыўнай грамадзянскай пазіцыяй“. Ён адзначыў, што працуе трэнерам каратэ і “мае дачыненне да ўнутраных войскаў у сферы баявой падрыхтоўкі”.
Далей ён выказаў думку аб складаным становішчы ў свеце і ў Беларусі, абвінаваціўшы ў гэтым “безадказнасць грамадзян” і “адсутнасць узаемадзеяння з дзяржаўнымі структурамі“. У канцы Тышкавец літаральна заявіў, што прапануе “любую дапамогу і садзейнічанне са свайго боку ў межах сваіх магчымасцяў і кампетэнцыі“.
У 2018 годзе Тышкавец ужо прадметна “настукаў” на клуб змешаных адзінаборстваў “Ратыбор” з Магілёва. Мужчына нібыта выпадкова зайшоў на старонку клуба ў сацсетках і выявіў нейкія “цытаты з груп экстрэмісцкай накіраванасці“. Актывіст дапусціў, што ў клубе рыхтуюць “экстрэмістаў, гатовых падарваць бяспеку дзяржавы”.
Сяргей Тышкавец вядомы як чалавек, які падставіў палітвязня Руслана Парфёнава ў 2020 годзе.
Тады магілёўскі актывіст з’яўляўся валанцёрам руху “Краіна для жыцця”. Напярэдадні выбараў Тышкавец у закрытым чаце прапанаваў сябру ініцыятыўнай групы Святланы Ціханоўскай з Мазыра Руслану Парфёнаву «вырабіць міні-вожыкі». Пасля, калі Тышкавец толькі забраў іх, з’явіліся супрацоўнікі КДБ, якія затрымалі Парфёнава. Амаль адразу тэлеканал ОНТ зрабіў прапагандысцкі сюжэт – у ім ролю Парфёнава адыграў якраз Тышкавец (стаяў спіной да камеры ў майцы “Краіна для жыцця”).
Для яго ўсё скончылася добра, а вось для Руслана – не. Ён адбывае пяцігадовы тэрмін у калоніі ўзмоцненага рэжыму, яго прызналі вінаватым ва “ўдзеле ў масавых беспарадках”.
Апроч сітуацыі з Парфёнавым, цікава яшчэ і тое, што пасля паведамлення ў КДБ у 2016 годзе, Тышкавец пачаў актыўна цікавіцца прадэмакратычнымі арганізацыямі і палітыкай. У 2019-2021 годзе ён быў абраны старшынёй рэгіянальнай рады арганізацыі народнай адукацыі АБФ. У 2020 годзе ўдзельнічаў у мерапрыемствах “Грамадзянскага форуму”. Таксама ўваходзіў у “Рух “За Свабоду”. Лічыўся валанцёрам “Краіны для жыцця”.
Пасля выбараў рэзка выракся ўсяго апазіцыйнага і ўзначаліў рэгіянальнае аддзяленне «Круглага стала дэмакратычных сіл» Юрыя Васкрасенскага. Аднак, у 2023 годзе сышоў з ініцыятывы. Зараз Тышкавец узначальвае абласное аддзяленне беларускай федэрацыі Кёкусінкай Буда каратэ. Актыўна супрацоўнічае з МУС і ваенна-патрыятычнымі клубамі, а таксама прасоўвае ідэі акультнай супольнасці Алат Ра.