Праваабарончая валанцёрская каманда MAYDAY і часопіс аб правах чалавека MSPRING.ONLINE ладзяць чытку твораў палітвязняў у гэтую пятніцу на «Коле».

У Расіі гэты дзень зацверджаны афіцыйна ўладамі. У Беларусі яго адзначаюць на неафіцыйным узроўні – вы напэўна чулі пра Дзяды. Штогод мы ўспамінаем тых, хто незаслужана атрымаў кулю ў патыліцу ці 15 гадоў лагераў, апынуўшыся «ворагам народа».

Каля сямідзесяці гадоў беларусы, як і жыхары іншых саюзных рэспублік, жылі ў атмасферы няўлоўнага страху «чорных варанкоў» і паўночных лагераў.

СССР разваліўся, чорныя варанкі саржавелі, а беларускія турмы, дзякуй Богу, на поўнач далей ад Віцебскай вобласці не размяшчаюцца.

Але рэпрэсіі засталіся – у Беларусі дагэтуль перыядычна з’яўляюцца палітзняволеныя. Расстрэлы і пасадкі савецкага перыяду да гэтага часу ігнаруюцца ўладамі.

Гэтая тэма да гэтага часу толкам не адрэфлексавана. Менавіта таму ў гэтую пятніцу, 1 лістапада, валанцёры і сябры праваабарончай каманды MAYDAY будуць чытаць урыўкі з твораў і апавяданні палітвязняў рознага часу ў грамадскім цэнтры «Кола» ў рамках праекта «Пасть.читка».

Чаму «Пасть»?

Пасть – гэта ашчэр лагернай сабакі.

Пасть – гэта жавала машыны ўлады, якая з’ела мільёны сваіх жа суграмадзян.

Пасть – гэта значыць спатыкнуцца і абрынуцца пад ціскам сістэмы, напісаўшы данос на свайго суседа.

Пасля чыткі мы адрэфлексуем, усё, што пачулі і ўбачылі, і пастараемся зразумець, што значыць зараз для нашых людзей траўматычны досвед палітычных рэпрэсій.

Магілёў. 1 лістапада. Цэнтр «Кола» (зав. Чкалава, 16).

Пачатак – 19:00. Уваход – вольны.

«Пасть.читка»