Аляксандр Якушаў, які камандаваў затрыманнем Станіслава Паўлінковіча, адзначаны ўладамі.

4 красавіка. Магілёў. Ігар Лазоўскі


24 сакавіка ў  Магілёве затрымалі сябра аргкамітэта па стварэнні Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Народная грамада) Станіслава Паўлінковіча. Некалькі супрацоўнікаў АМАП абвінавацілі яго спачатку ў тым, што ён перайшоў дарогу ў неналежным месцы, а затым у непадпарадкаванні супрацоўнікам міліцыі. Пасля двух сутак у ізалятары часовага ўтрымання, актывісту спачатку далі штраф у дзве базавыя велічыні за парушэнне ПДР, а праз тыдзень асудзілі на пяць базавых за непадпарадкаванне міліцыі.

Падчас суда ў якасці сведак былі дапытаныя супрацоўнікі АМАП Аляксандр Якушаў, Аляксей Герцаў і Віктар Мішчанка.

Яны адмаўлялі палітычны характар затрымання і сцвярджалі, што дзейнічалі згодна з законам. У той жа час некаторыя іх паказанні розніліся – Герцаў, напрыклад, сказаў, што відэарэгістратар, які мог бы зафіксаваць затрыманне, не працаваў, а Мішчанка – што рэгістратара не было ў прынцыпе.

У адказ на гэта Паўлінковіч заявіў, што яго затрымалі, каб не дапусціць да ўдзелу ў апазіцыйным шэсці 25 сакавіка ў Мінску. Таксама ён распавёў, што супрацоўнікі міліцыі адчуваюць нянавісць да ўсяго беларускага:

 Адзін з міліцыянтаў у цывільным сказаў, што нас прасцей усіх расстраляць, як зрабіла б НКУС. Нездарма ж іх начальнік, ураджэнец Луганска, прыбіраецца ў форму ката з НКУС, паказваючы сваё сапраўднае аблічча [гаворка ідзе пра міністра ўнутраных спраў Шуневіча]. Яны адчуваюць нянавісць да ўсяго беларускага, – заяўляў на судзе Паўлінковіч.

29 сакавіка міністр унутраных спраў у Мінску ўручыў узнагароды ўдзельнікам аперацыі па вызваленні закладнікаў у аддзяленні «Беларусбанка» ў лістападзе гэтага года. Сярод іх апынуўся капітан міліцыі, камандзір узвода АМАП Аляксандр Якушаў, які кіраваў і затрыманнем Павлинковича. Ён атрымаў медаль «За адвагу».

– Атрымаўшы гэтую ўзнагароду, трэба годна яе насіць, – распавёў у каментары відэаканалы МУС Якушаў пасля ўзнагароджання.