Фотарэпартаж і кароткая відэахроніка дэбатаў, якія правёў жаночы цэнтр «Пралеска» паміж кандыдатамі ў дэпутаты па Магілёўскай-Цэнтральнай акрузе №85.
5 верасня. Магілёў. Актавая зала СШ №33. Алесь Святліцкі.
Магілёўскі жаночы цэнтр «Пралеска» увечары 5 верасня зладзіў дэбаты паміж магчымымі дэпутатамі Палаты прадстаўнікоў, якія балатуюцца па 85-ай акрузе. На сустрэчу прыйшлі кандыдат ад БСДП (Грамада) Наталля Шкадун, давераная асоба кандыдата Юрыя Стукалава прафесар Юры Бубноў, кандыдат ад БНФ Зміцер Салаўёў і вылучэнец ад правацэнтрысцкай кааліцыі Алег Аксёнаў. Праўладныя кандыдаты – галоўны ўрач цэнтральнай паліклінікі Аляксандр Старавойтаў і дацэнт БРУ Юрый Машын – мерапрыемства праігнаравалі.
Прысутныя палітыкі прапанавалі свае праграмы і адказалі на пытанні аўдыторыі. Людзей больш за ўсё хвалявалі сацыяльныя і палітычныя пытанні, у тым ліку фальсіфікацыі на выбарах 11 верасня, падзел выканаўчай і заканадаўчай уладаў.
Пра Юрыя Машина, які адсутнічаў, на сустрэчы не ўзгадвалі. Пра Старавойтава ўспаміналі часта. У асноўным, з негатыўнага боку. Некаторыя ўдзельнікі сустрэчы прыйшлі на мерапрыемства, каб задаць яму непрыемныя пытанні. Не атрымаўшы такой магчымасці, выбаршчыкі зладзілі маленькі мітынг прама ў зале. Атмасферу дэбатаў вы можаце прачуць, паглядзеўшы наш фота і відэарэпартаж з залы.