Пры гэтым чыгунка ўжо тэстуе новы для нашага горада выгляд вагонаў, што спецыялізуюцца на перавозцы тэхнічнага вугляроду.
12 лютага. Магілёў. Ірына Вайс / На фота – вагон “Тэхвуглярод” на станцыі Магілёў-2
Магчыма, што частка тэхналагічнага абсталявання для прадпрыемства «Омск Карбон Магілёў» прыйшла ўжо ў неналежным выглядзе. Пра гэта на ўмовах ананімнасці расказаў супрацоўнік адной з магілёўскіх устаноў.
Калі верыць яму, дарабляць абсталяванне для завода давялося ўжо ў Магілёве. Прытым сярод мясцовых прадпрыемстваў, звязаных з металаапрацоўкай, ішло змаганне за гэта права.
Аплата выпраўлення дэфектаў на нібыта новым сучасным абсталяванні абяцала быць шчодрай.
Паводле слоў крыніцы, накрыўка адной з частак дастаўленага ў Магілёў абсталявання была не адпаведнага памеру і проста не ставілася ў патрэбнае месца. Апроч таго, былі выяўлены праблемы з яе мацаваннем – накрыўка трымалася не на ўсіх вітках разьбы мацавальных нітоў. Рамонт праходзіў падчас пуска-наладкавых прац у сярэдзіне кастрычніка 2018 года без лішняга шуму, але цяжка ўявіць, каб кіраўніцтва горада пра гэта не ведала.
Пуск “Омск Карбона” – пажадана пад новы год
Таксама стала вядома, што кіраўнікі прадпрыемства па не яснай прычыне прынцыпова настойвалі на пуску завода менавіта напярэдадні новага года і для выпраўлення непаладак не шкадавалі грошай. Усе разумелі, а кіраўніцтва новага прадпрыемства і не хавала, што пасля гэтага спробавага пуску завод адразу ж спыніцца на дапрацоўку. Што пайшло не так, можна выказаць здагадку, прагледзеўшы тэндарныя заявы кампаніі «Омск Карбон Груп»: 14 жніўня мінулага года скончыўся прыём заяў на Рэактар РС50/7000 для патрэб ЗТАА «Омск Карбон Магілёў».
Арганізатарам працэдуры тэндара было заяўлена ТАА «Омсктехуглерод», а вось адказная асоба – Кацярына Бойка – мае магілёўскія рэквізіты, у прыватнасці, тэлефон +375 222 748 748 (даб.138). Цікава выглядае раздзел «Каментары» да запыту на тэндар – выбар дастаўніка ўжыццяўляецца па мінімальнай цане з улікам кошту даставы да склада ЗТАА «Омск Карбон Магілёў». Дэталёвей з дакументам можна азнаёміцца тут.
Уласна рэактар (на вялікіх прадпрыемствах – ланцужок рэактараў, што забяспечвае тэхналагічны паток) і ёсць асноўная частка завода. Ён утрымлівае камеру гарэння, камеру рэакцыі, зону змяшання і зону астуджэння. Тэхнічны вуглярод атрымліваюць з вадкай вуглевадароднай сыравіны шляхам тэрмаакісляльнага раскладання. Іншымі словамі, газойль перапальваюць распаленымі дымавымі газамі і астуджаюць. У выніку атрымваецца сажа – тэхнічны вуглярод.
Сыходзячы з вышэй апісанага, лагічна задаць пытанне, ці можа тэхналогія быць сучаснай, а прадпрыемства надзейным, калі яго збіраюць па частках праз тэндары з умовай «мінімальнай цаны з улікам кошта дастаўкі да склада ЗТАА «Омск Карбон Магілёў»?
Такім жа шляхам аб’явы тэндара купляліся цеплаабменнікі падагрэву сыравіны 1000ТПГ, помпа самаўсмоктвальная для збору аварыйных пратокаў, элеватар ЦС-320, сепаратар прадзімання, перагрузачны тамбур і раўнавальная платформа даклевэллер, каларыфер КПВ3-СК-02, рэзервуар РВС і шмат чаго іншага. У большасці тэндарныя прапановы былі арыентаваны на прадпрыемствы ў Курганскай вобласці Расіі. Фактычна завод збіралі, як канструктар.
Абсталяванне – Б/У?
Што ж адбылося ў Магілёве? Паводле прадстаўленай нам інфармацыі, калі абсталяванне на пляцоўцы «Омск Карбон Магілёў» было змантавана і рыхтавалася да пуску, высветлілася, што асноўны рэактар з падлучанымі да яго складнікамі мае зазоры. У выніку пры спробавым пуску ўвесь цэх, нібыта, быў засыпаны сажай. Каб не сарваць графік пуску прадпрыемства гэты факт вырашылі змаўчаць, а абсталяванне ў хуткім парадку было дэмантавана і ў адны з выходных восені адпраўлена ў Валгаград. Умовы былі пастаўлены цвёрда: адзін дзень на дарогу, яшчэ дзень на рамонт і дзень на зваротны шлях. Аднак хуткасць ніколі не дапамагае ў такіх выпадках. Частка абсталявання рамантавалася ўжо ў Магілёве, і ўсё адно, пасля афіцыйнага пуску завод адразу ж спыніўся, бо няспраўнасці, напэўна, цалкам не былі выпраўлены.
Апроч таго, людзі, інфармаваныя пра рэаліі завода, кажуць пра тое, што тэхналагічнае абсталяванне, змантаванае ў Магілёве, не абавязкова сучаснае – нібыта, сёе-тое ўжо было ва ўжытку. Частка яго была прывезена з Валгаградскага філіяла «Омск Карбон Груп» – тамтэйшы завод тэхнічнага вугляроду перажывае маштабную рэканструкцыю. Ускосна гэта пацвярджаецца і абвешчанымі тэндарамі на афіцыйным сайце самой «Омск Карбон Груп».
Ёсць пытанні і па збудаваных цэхах. Пасля таго, як завод пасля пуску быў заўважаны ў выкідах сажы, працоўныя, якія мелі дачыненне да ўзвядзення аб’екта, выказалі думку, што пабудаваныя збудаванні, магчыма, не адпавядаюць першапачатковаму ўхваленаму дзяржавай праекту. Тымчасам, кампанія не збіраецца адмаўляцца ад сваіх планаў. Інвестыцыі ў завод перавысілі 60 млн даляраў ЗША, а ў 2019 годзе ў Магілёве павінна пачацца будаванне другой тэхналагічнай лініі вытворчасці тэхнічнага вугляроду.