Выходзіў з акцыямі ў цэнтр Магілёва, раздаваў анты–лукашэнкаўскія газеты ў БРУ і МДУ, быў зьбіты АМАП–ам ў 2006 годзе.
16 ліпеня. Магілёў. Ігар Лазоўскі
13 ліпеня на афіцыйнай старонцы «Аперацыі аб’яднаных сіл» [антытэрарыстычная аперацыя арміі Украіны супраць расейскай агрэсіі на Данбасе – заўв.рэд] ў Facebook з’явілася паведамленне аб забойстве ваеннага медыка Мікалая Ільіна.
Здарылася гэта падчас спробы ваенных сіл Украіны эвакуіраваць цела забітага выведніка і параненага байца свайго войска. Аперацыя праходзіла пры згодзе з прадстаўнікамі АБСЕ і СЦКК [Спецыяльнага цэнтра па кантролі і каардынацыі пытанняў спынення агню].
Нягледзячы на заяўлены рэжым перамір’я, па групе, у якой знаходзіўся Мікалай Ільін, быў адкрыты агонь з гранатамётаў і буйнакаліберных кулямётаў. У выніку атрыманых раненняў Ільін загінуў. Акрамя яго, раненні і траўмы атрымалі яшчэ двое яго калег. Так скончыўся жыццёвы шлях маладога чалавека, які яшчэ 16 гадоў таму раздаваў анты-лукашэнкаўскія газеты ў магілёўскіх ВНУ і ўдзельнічаў у акцыях у цэнтры нашага горада.
МАГІЛЁЎСКІ СЛЕД
Загінулы жыў у Магілёве досыць доўгі час. Яго добра памятаюць актывісты, якія заспелі пачатак-сярэдзіну нулявых гадоў.
Ільін быў мэтанакіраваным чалавекам, якому адчайна не падабаўся той аўтарытарны рэжым, які ўсталяваўся ў Беларусі. З самага юнага ўзросту магілёўскі патрыёт прытрымліваўся апазіцыйных поглядаў і быў членам некалькіх моладзевых рухаў.
Праваабаронца «Магілёўскай вясны» Аляксей Колчын апублікаваў некалькі фатаграфій з акцый «Маладога фронту», якія праходзілі ў 2000 годзе. На іх ёсць і Мікалай Ільін.
У верасні 2004 года Ільіна двойчы затрымлівалі магілёўскія міліцыянты за тое, што ён раздаваў газеты “Зубр” спачатку ў Беларуска-расійскім універсітэце, а потым у МДУ ім. А.А. Куляшова.ПЕРАЛОМНАЯ ПЛОШЧА
Часам адна падзея можа цалкам змяніць жыццё. Для Ільіна такой падзеяй стала «Плошча-2006». Нагадаем, тады, з-за фальсіфікацый і парушэнняў на прэзідэнцкіх выбарах 2006 года, беларуская моладзь арганізавала ў цэнтры Мінска намётавы гарадок з патрабаваннем адхілення Аляксандра Лукашэнкі ад улады. «Джынсавая рэвалюцыя» пачалася 19 сакавіка і доўжылася да 25 сакавіка, пасля чаго была брутальна разагнаная сіламі міліцэйскага спецназа. Ільін прыехаў на Кастрычніцкую плошчу з Магілёва ў першы ж дзень і быў з таварышамі да самага канца.
23 сакавіка Мікалай паспрабаваў даставіць у намётавы гарадок бія-туалет. Калі ён выйшаў з прадметам з аўто, на яго накінуліся каля пяці байцоў АМАПу. Ільіна моцна ўдарылі па галаве – ён страціў прытомнасць. Акрамя таго, хлопцу ледзь не адбілі ныркі. Усе траўмы зафіксавала «Хуткая дапамога».Нягледзячы на збіццё, Ільін адмовіўся ад шпіталізацыі і вярнуўся ў лагер. Ужо праз дзень прайшла зачыстка. Мікалай апынуўся ў шпіталі, дзе да яго прыйшлі двое работнікаў КДБ і прыгразілі завядзеннем крымінальнай справы.
Каб не пазбавіцца некалькіх гадоў жыцця, Мікалай Ільін вырашыў з’ехаць з Беларусі. Але на гэтым яго прыгоды толькі пачаліся.
ЮШЧАНКА АДМОВІЎ, ЭСТОНІЯ ПРЫТУЛІЛА
Разам з яшчэ сотняй рэпрэсаваных за «Плошчу-2006», у траўні 2006 года Мікалай Ільін звярнуўся да тагачаснага прэзідэнта Украіны Віктару Юшчанкі з просьбай прадаставіць ім палітычны прытулак. Пацярпелыя беларусы спадзяваліся на разуменне з боку чалавека, якога фактычным прэзідэнтам зрабіў «Майдан».
Юшчанка адмовіў. Ільін усё роўна апынецца ў Украіне, але адбудзецца гэта нашмат пазней.
У сярэдзіне нулявых Мікалая прытуліла Эстонія. Гэтая краіна была адной з тых, якая пагадзілася прыняць рэпрэсаваных беларускіх студэнтаў да сябе на вучобу. З пераездам Ільіну дапамаглі ўкраінскія валанцёры.
Лёгкай яго жыццё ў іншай краіне назваць нельга – афіцыйна яго ніхто не хацеў браць на працу. Прыйшлося шукаць нелегальныя падпрацоўкі, з-за чаго Ільіна ледзь не выправадзілі з краіны. Зрэшты, абыйшлося.
Хлопец пачаў працаваць экскурсаводам у свайго добрага таварыша ў Таліне, вывучыў ангельскую мову, падпрацоўваў таксістам, атрымаў эстонскае грамадзянства, ездзіў на заробкі ў Фінляндыю. Паступова жыццё прыйшла ў спакойнае рэчышча, але тут здарыўся …
РАСІЙСКА-УКРАІНСКІ КАНФЛІКТ
Пасля анэксіі Крыма і пачатку ваенных дзеянняў на Данбасе, Ільін вырашыў дапамагчы краіне, людзі з якой апынуліся да яго ласкавымі. Ён пераехаў у Украіну, дзе пайшоў добраахвотнікам на вайну супраць расійскай агрэсіі. Пазней ён скончыў курсы баявых медыкаў у 205-м навучальным цэнтры тактычнай медыцыны пад кіраўніцтвам канадскіх інструктараў. Служыў у 35-ай асобнай брыгадзе марской пяхоты Узброеных сіл Украіны.
На вайне ён адчуваў сябе нармальна, тым больш вораг быў яму знаёмы. Яшчэ калі ў 2006 годзе беларускія студэнты прасілі Юшчанку пра палітычны прытулак, Ільін праз СМІ папрасіў ўкраінскага прэзідэнта паведаміць краінам «Вялікай васьмёркі» аб магчымай агрэсіі Расійскай федэрацыі ў дачыненні да сваіх суседзяў.
13 ліпеня жыццё Мікалая абарвалася, калi ён накіраваўся дапамагчы параненаму таварышу. Так скончылася жыццё чалавека з Магілёва, які быў на «Плошчы-2006», атрымаў эстонскае грамадзянства і ваяваў супраць прарасейскіх баевікоў.
Офіс прэзідэнта (ОП) Украіны заявіў, што Уладзімір Зяленскі «трымае пад асабістым кантролем» сітуацыю з забойствам Мікалая Ільіна і раненнем байцоў падчас эвакуацыі загінулага вайскоўца ў Данецкай вобласці. На месца выехалі галоўнакамандуючы Узброеных сіл Украіны Руслан Хомчак і намесьнік кіраўніка ОП Раман Машавец.