Барыс Бухель лічыць адказ крывадушным.

12 верасня. Магілёў. Ігар Лазоўскі/Фота – ПЦ “Вясна”, spring96.org


Магілёўскі праваабаронца Барыс Бухель быў адным з тых, хто выступіў супраць крымінальнага пераследу лідэраў незалежнага прафсаюзу радыё-электроннай прамысловасці.

Улетку 2017 года ў дачыненні да кіраўніка РЭП Генадзя Фядыніча і бухгалтара арганізацыі Ігара Комліка распачалі крымінальную справу па ч. 2 арт. 243 – ухіленне ад выплаты падаткаў у асабліва буйным памеры.

Комлік правёў за кратамі два месяцы, Генадзь Фядыніч з пачатку следства знаходзіўся пад падпіскай аб нявыездзе.

24 жніўня 2018 году суд Савецкага раёну Менску прыгаварыў абодвух да 4 гадоў абмежавання волі без накіравання ў папраўчую ўстанову адкрытага тыпу без канфіскацыі маёмасці. Акрамя гэтага, Фядынічу і Комліку загадалі выплаціць штраф у 47 560 рублёў і дзяржаўную пошліну.

Падчас судовага працэсу магілёўскі праваабаронца Барыс Бухель, а таксама большасць яго калег накіравалі ў Адміністрацыю прэзідэнта патрабаванне спыніць крымінальны пераслед у дачыненні да Фядыніча і Комліка.

Як паказала судовае разбіральніцтва, якое доўжылася больш за два тыдні, у абвінавачванні абсалютна адсутнічалі хоць якія-небудзь доказы, падмацаваныя афіцыйнымі дакументамі і фактамі, – кажа Бухель.

Адміністрацыя прэзідэнта самаўхілілася ад вырашэння пытання. Начальнік галоўнага ўпраўлення па працы са зваротамі грамадзян і юрыдычных асоб Рыгор Шлык у сваім адказе заявіў, што «службовыя асобы Адміністрацыі не надзелены паўнамоцтвамі даваць ацэнку рашэнням, якія прымаюцца судамі, адмяняць ці пераглядаць іх»:

– Якое-небудзь умяшанне ў дзейнасць суддзяў па выкананню правасуддзя недапушчальнае і цягне адказнасць па закону, – адзначыў Шлык.

Бухель лічыць адказ адпіскай. Нягледзячы на тое, што Шлык спасылаецца на нормы права, правапрымяняльная практыка даказвае, што ўлада актыўна залазіць у судовыя справы:

У нас няма незалежнай судовай сістэмы. У нас «тэлефоннае права». Аналагічнй была справа Бяляцкага – яго пасадзілі па ўказцы ўладаў і потым жа выпусцілі па такой жа ўказцы, калі спатрэбіліся прэферэнцыі ад Захаду. «Справа прафсаюзаў» мае палітычны характар. Значыць, суды будуць прыслухоўвацца да ўлады, – сцвярджае праваабаронца.

Паколькі суддзяў здымае і прызначае Лукашэнка, незалежнага суда ў Беларусі быць не можа, упэўнены Бухель, а значыць адказ Адміністрацыі прэзідэнта – крывадушны.