Праз рэзананс у медыя, асуджаным жанчынам усё ж могуць дазволіць прымаць сродкі гігіены ў складзе прадуктавых перадач. Але з абмежаваннямі.
Нагадаем, з 12 ліпеня ў Беларусі ўступіць у сілу закон “Аб змене кодэксаў па пытаннях крымінальнай адказнасці”, які зменіць некаторыя нормы адбыцця пакаранняў у папраўчых калоніях. Напрыклад, замест адной рэчавай перадачы ў год асуджаным будзе дазволена атрымліваць іх дзве.
Напрыканцы чэрвеня адміністрацыя гомельскай жаночай ІК-4 апавясціла асуджаных, што сродкі гігіены, у тым ліку пракладкі, больш не будуць прымаць у рэжымных (прадуктавых) перадачах, дазволеных раз у тры месяцы. Мяркавалася, што іх атрыманне будзе магчыма толькі два разы на год у складзе рэчавай перадачы.
Агласка праблемы ў СМІ прымусіла змяніць рашэнне. Ужо праз тыдзень некаторыя асуджаныя спецыяльна тэлефанавалі сваякам і казалі пра тое, што “найменне дазволеных прадметаў у прадуктавай перадачы не змяняецца”.
Аднак, як стала вядома MSPRING, напачатку тыдня прынята рашэнне не змяняць найменне непрадуктавых прадметаў рэжымнай перадачы, але іх колькасць будзе жорстка абмежавана – не больш за пяць. Такая практыка, як аказалася, прымяняецца і зараз да зняволеных, якія стаяць на прафуліку (“жоўтабіручнікі”).