Палітык Уладзімір Шанцаў да гэтага часу чакае рашэння аб заканчэнні рамонту двух дамоў, дзе ўжо больш за год адсутнічаюць балконы.

6 лістапада. Магілёў. Ігар Лазоўскі


Старшыня абласной арганізацыі Аб’яднанай грамадзянскай партыі Уладзімір Шанцаў 1 кастрычніка накіраваў у Магілёўскі аблвыканкам і Камітэт дзяржаўнага кантролю скаргу, у якой распавёў пра адчайны стан дамоў №5 па праспекце Міра і №34 па вуліцы Касманаўтаў.

Як пісаў у сваёй скарзе палітык, больш за год у гэтых дамах не могуць скончыць капітальны рамонт. Прычым сітуацыя небяспечная – у многіх жыхароў на балконах адсутнічаюць агароджы. Шанцаў заклікаў чыноўнікаў прыняць неадкладныя меры па завяршэнні рамонту і пакараць адказных.

З тых часоў мінула больш за месяц – аднак адказаў па сутнасці Шанцаў так і не атрымаў.

– Мне дасылалі прамежкавы адказ з аблвыканкама, у якім гаварылася, што мая скарга накіраваная у гарвыканкам. Але прабачце, за бяздзейнасць як раз трэба караць гарадскіх чыноўнікаў. Людзі па году жывуць без балконаў, два дамы. Патрэбныя самыя жорсткія меры. А вы накіравалі скаргу да тых, каго і трэба караць.

Палітык падаваў скаргу 1 кастрычніка. 3 кастрычніка яе перанакіравалі ў гарвыканкам. Нават з улікам «адфутбольвання» прайшоў месяц, які даецца дзяржаўным органам на адказ на звароты грамадзян, упэўнены Шанцаў.

6 лістапада лідэр АГП наведаў аблвыканкам і КДК, дзе пакінуў заўвагі ў кнігах скаргаў. Зараз Уладзімір думае, што рабіць далей:

У любым выпадку, трэба дачакацца адказу з гарвыканкама, які ўжо ідзе са спазненнем.

Камітэт дзяржкантролю перанакіраваў скаргу Шанцава ў дэпартамент будаўнічага нагляду. Як сцвярджае палітык, буднагляд паведаміў, што невыкананне тэрмінаў будаўнічых работ у кампетэнцыю дэпартамента не ўваходзіць. Мясцовы лідэр АГП знаходзіць парадаксальнай сітуацыю, калі «галоўны кантрольны орган краіны не ведае, якая структура і чым павінна займацца».

У Старажытным Егіпце жылі фараоны. Каб сябе ўвекавечыць, яны будавалі піраміды. У нас у Магілёве жывуць фараончыкі. Каб увекавечыць сябе, яны пабудавалі арку, лесвіцу ў Падміколле за шалёныя грошы. Пры гэтым у Магілёве ні ў водны двор нельга нармальна зайсці, усё разбіта. Мяркуючы па тым, як яны ставяцца да маёй скаргі, яны думаюць выключна пра сябе, – лічыць Шанцаў.

Ён таксама звярнуў увагу на тое, што заказчыкам рамонту дома было МДКУП «Упраўленне камунальных прадпрыемстваў», якім раней кіраваў чыноўнік Андрэй Кіблоў. У дадзены момант ён узначальвае гарадскі Савет дэпутатаў. Уладзімір Шанцаў адзначыў, што на павышэнне пайшоў начальнік, які «фактычна заваліў будоўлю».