Лідэр Беларускага незалежнага прафсаюза (БНП) на бабруйскай «Белшыне», 57-гадовы Сяргей Гурло ўцёк ад новай крымінальнай справы, узбуджанай у Ляхавічах Брэсцкай вобласці.
Нагадаем, у траўні 2021 года суд Бабруйскага раёна прызнаў прафсаюзнага лідэра вінаватым у абразе двух міліцыянтаў (за каментар у сацсетках) і асудзіў на паўтара гады так званай «хатняй хіміі» па артыкуле 369 КК Беларусі «Абраза прадстаўніка ўлады». Таксама ён павінен быў выплаціць “пацярпелым” кампенсацыю маральнай шкоды ў памеры дзвюх тысяч рублёў.
Суд праходзіў у закрытым рэжыме, сваю віну Сяргей Гурло не прызнаў. Да таго, пасля жніўня 2020 года мужчына тройчы затрымліваўся і прыцягваўся да адміністрацыйнай адказнасці за ўдзел у масавых акцыях, сядзеў на “сутках” у нечалавечых умовах.
Сяргей Гурло пайшоў на пенсію ў 50 гадоў і працягваў працаваць на заводзе “Белшына” ў цэху, дзе ўмовы працы бабруйчане называюць катаржнымі. Калі супраць яго была ўзбуджаная першая крымінальная справа, яму прыйшлося звольніцца. “Хатняя хімія”, успамінае палітвязень, для яго была вызначана наступнымі ўмовамі: у суботу і нядзелю з дому выходзіць нельга, але па нядзелях і панядзелках ён быў абавязаны хадзіць на прафілактычныя размовы ў міліцыю, адзначацца і складаць анкету. “Нядзельная прафразмова была ў радасць, можна было хоць прагуляцца“, – успамінае Сяргей.
На прафразмовах яму расказвалі пра змены заканадаўства, пра хатні гвалт, шкоду п’янства. Праўда, улічваючы, што ён не марнатравіць спіртным, усё гэта выглядала штучна, працягвае Гурло: «Трэба было для формы хоць нешта казаць».
Рэжым ён ніколі не парушаў. Аднак каля месяца таму на хатні тэлефон (мабільным палітвязнем ужо не карыстаўся) патэлефанаваў следчы з горада Ляхавічы Брэсцкай вобласці і запатрабаваў прыехаць да яго на допыт. У адваротным выпадку, папярэдзіў сілавік, Сяргея Гурло маглі «жорстка затрымаць» і даставіць у кайданках. Тады ён паехаў у мясцовую СК, каб удакладніць, як паступіць у такой сітуацыі. Адзін са следчых распавёў аб наяўнасці новай крымінальнай справы, але не ўдакладніў, у якой якасці палітвязень па ім праходзіць.
І ў Следчым камітэце, і ў міліцыі яму параілі з’ездзіць у Ляхавічы, каб не з’явілася больш сур’ёзных праблем. Гэта Сяргей Гурло і зрабіў, аднак высветлілася, што напярэдадні яго візіту ў Ляхавічы (гэта было ў пятніцу) міліцыянт з гэтага горада быў камандзіраваны ў Бабруйск (гэта было ў чацвер), каб азнаёміцца з першай крымінальнай справай супраць прафсаюзнага лідэра. А ў Ляхавічах Сяргей Гурло падпісаў паперу, што абавязаны з’явіцца і паехаў.
Перспектывы для палітвязня былі вельмі яснымі. У Бабруйску ён пасля гэтага правёў роўна тыдзень, зразумеўшы, што новая крымінальная справа супраць яго ўжо забяспечана. У мінулую пятніцу, пакуль жонка была на працы, ён выехаў з Бабруйска на маршрутцы і праз тры дні апынуўся ў Турцыі.