Барыс Бухель і Аляксандр Буракоў на працягу 1,5 гадзін тлумачылі магілёўцам, што святкуюць ва ўсім свеце 10 снежня.

10 снежня. Магілёў. Алесь Святліцкі


Увечары, 10 снежня, праваабаронцы “Вясны” Барыс Бухель і Аляксандр Буракоў раздалі некалькі соцень газэт “Народная воля”, якая падрыхтавала спецыяльны нумар да Дня правоў чалавека.

Галоўнай тэмай выдання сталі экалагічныя правы, а таксама права на свабоду мірных сходаў. У артыкулах распавядаецца пра прыклады Светлагорска і Брэста, дзе людзі на працягу многіх месяцаў дамагаліся спынення працы шкодных вытворчасцяў – і прыйшлі да пэўнага поспеху. Ёсць у газеце і пра агульную сітуацыю з заводамі ў Магілёве.

– Нажаль, шмат каму не хапае інфармацыі, не хапае прыкладаў паспяховай барацьбы за свае правы. З гэтага нумара «Народнай волі» бачна, што калі людзі хочуць чагосьці сапраўды моцна – яны гэтага дамагаюцца, – распавёў Буракоў.

Паводле яго слоў, газеты разбіралі паспяхова, асабліва калі чулі пра спецвыпуск да Дня правоў чалавека:

– Адзін з ужо немаладых людзей, коратка паслухаўшы пра тое, як у Магілёве парушаюцца правы чалавека, папрасіў адразу некалькі нумароў для распаўсюджвання на сваім заводзе.

Акрамя раздачы газет, праваабаронцы таксама раздалі магілёўцам каля сотні асобнікаў «Дэкларацыі правоў чалавека», якая ў гэтым годзе адзначае 70-годдзе. Праўда, скончыліся яны хутка. Як адзначылі праваабаронцы, «Дэкларацыі» «стараліся раздаваць маладым людзям, якім шмат у чым вырашаць, у якім горадзе і якой краіне ім жыць».

З гэтай інфармацыйнай акцыі ў Магілёве стартаваў Месяц правоў чалавека. Ўжо 11 снежня ён працягнецца кінапраглядам фільма «Працэс» па кнізе Франца Кафкі. Стужку пакажуць у грамадскім цэнтры «Кола», пачнецца ўсё ў 19:00. Уваход – вольны.

Калі вы хочаце бясплатна атрымаць спецнумар “Народнай волі” – пішыце на mspring.online@gmail.com.