У Магілёве 29 жніўня сілавікі правялі ператрус у кватэры прадпрымальніцы Іны Царовай. Яе мужа-ўкраінца, які мае від на жыхарства, хутчэй за ўсё рыхтуюць да дэпартацыі, ён не выйшаў з ІЧУ.
Іна Царова – вядомая ў горадзе прадпрымальніца, якая займаецца развіццём цырульняў. Па інфармацыі ад яе былых калегаў, сілавікі апазналі жанчыну на відэа з пратэстаў 2020 года, дзе яна ішла ў калоне з бел-чырвона-белым сцягам. Па месцы яе пражывання па вуліцы Грышына быў праведзены ператрус, сцяг канфіскаваны.
Вядома, што ў дадзенай кватэры яна пражывала з другім мужам, ураджэнцам Украіны, які меў від на жыхарства ў Беларусі. Абодвух мужа і жонкі павезлі на допыт, пасля чаго Іна Царова вярнулася дадому, а яе муж – не. У выніку жанчына атрымала штраф у памеры ста базавых велічыняў (3700 рублёў). Абедзве яе цырульні ў дадзены момант зачыненыя.
Яе муж на волю так і не выйшаў (мужчына мае іншае прозвішча). Верагодна, ВНЖ яго будзе ануляваны, а сам ён будзе дэпартаваны.