Падпісанты гарантуюць, што «з іх дапамогай ніводны венесуэльскі апазіцыянер не атрымае мандата нават у сельсавет».

11 лютага. Магілёў. Ігар Лазоўскі


Мясцовы актывіст Аляксей Паўлоўскі сабраў тры дзясяткі подпісаў з прапановай уладам Беларусі і Венесуэлы «дапамагчы адзін аднаму»:

– Гэта ж нашы браты, вы што! Яны нас выбаўлялі нафтай, а Беларусь узводзіла ў пампасах і джунглях Венесуэлы заводы, жытло, нафтавыя вышкі. Але з-за хітрыкаў ворагаў у нашых краін паўсталі новыя праблемы. У Венесуэле – з масавымі мітынгамі, пераабраннямі прэзідэнта і двоеўладдзем, а ў Беларусі – з забеспячэннем сродкамі індывідуальнай абароны працаўнікоў сельскай гаспадаркі, – расказаў Паўлоўскі.

У звароце ён прапанаваў свой план узаемадапамогі:

«Беларусь накіроўвае ў Венесуэлу ў якасці кансультантаў па правядзенні сумленных і элегантных выбараў мірны дэсант беларускіх адмыслоўцаў – старшыняў акруговых і ўчастковых выбарчых камісій на чале з кіраўніком ЦВК Лідзіяй Ярмошынай. Мы гарантуем, што з іх дапамогай ніводны венесуэльскі апазіцыянер не атрымае мандата нават у сельсавет», – напісаў Паўлоўскі.

У сваю чаргу ад венесуэльскага боку актывіст чакае «танкер з нафтай і спецвопраткай».

– Іх калгаснікам зімовая, дый летняя спецвопратка без патрэбы, а ў нас холадна і нашым калгаснікам сродкі індывідуальнай абароны не заўсёды выдаюць, – з сумам рэзюмаваў Аляксей.

Як ён кажа, зварот, пад якім за гадзіну падпісалася трыццаць магілёўцаў, з’яўляецца, перадусім, рэакцыяй на тыя фальсіфікацыі, што адбываюцца на беларускіх выбарах.
Актывіст збіраецца накіраваць дакумент у амбасаду Венесуэлы ў Рэспубліцы Беларусь, а таксама ў Адміністрацыю беларускага прэзідэнта.

ДАВЕДКА:

У студзені 2019 года палітычны крызіс у Венесуэле, які доўжыўся з 2013 года (пасля смерці папярэдняга прэзідэнта Уга Чавеса), дасягнуў піка. Дзеянні апазіцыі прывялі да таго, што ў краіне паўсталі два цэнтры ўлады. Спікер Нацыянальнай асамблеі Хуан Гуайда абвясціў сябе выканаўцам абавязкаў прэзідэнта. Дзейны прэзідэнт Нікалас Мадура заявіў, што застанецца на сваёй пасадзе да заканчэння прызначанага яму тэрміну ў 2025 годзе. Тое, што адбываецца, Мадура назваў «дзяржпераваротам, за якім стаіць Амерыка».

Пры гэтым Гуайда ўжо прызналі дзейным прэзідэнтам больш за дзясятак найбуйных развітых краін свету. Некаторыя дзяржавы запатрабавалі правядзенні датэрміновых выбараў прэзідэнта Венесуэлы.