Праваабаронца Барыс Бухель мае намер актывізаваць працу ГНК пры Галоўным упраўленні юстыцыі Магаблвыканкама.

30 студзеня. Магілёў. Алесь Святліцкі. На фота – Магілёўская турма №4


Грамадская назіральная камісія правяла сваё першае паседжанне ў новым годзе. Сябры ГНК падвялі вынікі папярэдніх 12 месяцаў і намецілі план працы на бліжэйшыя паўгады. Назіральнікі правераць магілёўскі лячэбна-працоўны прафілакторый, а таксама выпраўленчую ўстанову адкрытага тыпу ў Асіповічах.

Таксама на сходзе быў абраны новы старшыня камісіі. Па прапанове начальніка ўпраўлення юстыцыі Аляксандра Маймусава, яе ўзначаліла Таццяна Казлоўская, лідэр грамадскага аб’яднання індывідуальных прадпрымальнікаў Магілёўскай вобласці.

Сакратаром грамадскай назіральнай камісіі стаў праваабаронца Барыс Бухель . У яго ўзнікла адразу некалькі заўваг, звязаных з працай камісіі:

– Мяне адразу не задаволіла такая малая колькасць наведванняў месцаў несвабоды. Я прапанаваў хаця б раз у квартал наведваць турму, калонію або лячэбна-працоўны прафілакторый. Аднак іншыя сябры камісіі спаслаліся на страшэнную занятасць і тое, што гэта неаплатная праца, таму адмовіліся. Так што мы праверым за паўгады толькі магілёўскі ЛПП і асіповіцкую калонію адкрытага тыпу, – выказаў незадаволенасць Бухель.

Таксама ён распавёў на пасяджэнні аб магчымых парушэннях у дачыненні да Уладзіслава Казакевіча, які знаходзіцца зараз у магілёўскай турме №4.

– На сустрэчы быў прадстаўнік Упраўлення дэпартамента выканання пакаранняў па Магілёўскай вобласці Сяргей Барысенка. Ён заявіў, што праверка па скаргах Казакевіча праводзілася і нічога, нібыта, не пацвердзілася. Паглядзім. Зараз альбо сам Уладзіслаў, альбо ягоны адвакат павінны даслаць пісьмовы зварот. Пасля гэтага мы будзем адразу рэагаваць, – сказаў праваабаронца.

Бухель чакае, што па такім жа прынцыпе ўдасца папрацаваць з палітвязнямі, якія ўтрымліваюцца ў Магілёўскай вобласці – Дзмітрыем Паліенкай (Бабруйская ВК №2) і Міхаілам Жамчужным (Горацкая ВК №9):

Калі ад іх паступяць звароты і скаргі ў ГНК, мы срэагуем. Гэта дазволіць пашырыць дзейнасць, не абмяжоўвацца двума месцамі несвабоды за паўгады.

Яшчэ адна праблема, якую Бухель бачыць у дзейнасці камісіі – адсутнасць доступу ў ізалятары часовага ўтрымання, а таксама ў спецшколы і спецПТВ.

Гісторыя з дзецьмі, якіх збівалі ў магілёўскім СПТВ №2, кажа пра вялізныя праблемах у гэтых установах, якія, фактычна, бескантрольныя. Уся справа ў тым, што ГНК, згодна з указам прэзідэнта, можа сачыць за дзейнасцю органаў і ўстаноў, якiя выконваюць пакаранне і іншыя меры крымінальнай адказнасці. А СПТВ і спецшколы кантралююцца Міністэрствам адукацыі. Цяпер мы з калегамі думаем, як можна зрабіць сітуацыю адэкватнай – відавочна, што спецПТВ ў першую чаргу месца несвабоды, – сказаў на заканчэнне Бухель.