Камітэт ААН па правах чалавека 13 ліпеня пацвердзіў рэгістрацыю індывідуальнага зварота Ігара Гершанкова.

Як паведаміў афіцыйнаму сайту каардынатар кампаніі “Праваабаронцы супраць смяротнага пакарання ў Беларусі” Андрэй Палуда, зварот асуджанага быў зарэгістраваны Камітэтам пад нумарам 3209/2018. Праваабаронца ўжо атрымаў адпаведнае паведамленне:

“Згодна з адпраўленага Вам ліста, Ваша індывідуальнае паведамленне, накіраванае ў Камітэт па правах чалавека ў інтарэсах г-на Ігара Гершанкова, было зарэгістравана за нумарам 3209/2018 і ўжо накіравана дзяржаве-ўдзельніку разам з запытам аб прыняцці часовых мер, у выглядзе прыпынення выканання пакарання ў выглядзе смяротнай кары да вынясення Камітэтам канчатковага рашэння ў дачыненні да гэтага паведамлення”.

Раней стала вядома, што намеснік старшыні Вярхоўнага суда прыпыніў выкананне смяротных прысудаў ў адносінах да Ігара Гершанкова і Сямёна Беражнога на час разгляду іх наглядных скаргаў. Але на дадзены момант скаргі разгледзены, аб чым паведамлена абаронцам абвінавачаных. Гэта фактычна азначае, што тэрмін прыпынення выканання смяротных прысудаў у звязку з раглядам наглядных скаргаў скончаны. І смяротны прысуд можа быць прыведзены ў выкананне ў любы час.

Магілёўцаў Ігара Гершанкова і Сямёна Беражнога асудзілі на смяротнае пакаранне па справе так званых «чорных рыэлтараў» у ліпені 2017 года. Яшчэ двое фігурантаў – Таццяна Гершанкова   і Барыс Калеснікаў – атрымалі 24 і 22 гады зняволення адпаведна.

Па версіі следства, з 2009 па 2015 год «чорныя рыэлтары» забівалі ўладальнікаў кватэр, каб завалодаць іх нерухомасцю. Было даказана дачыненне ўсёй групоўкі да забойства шасці чалавек. Яшчэ тры чалавекі пазбеглі смерці, паколькі фігурантаў справы змясцілі пад варту. Злачыннай групе залічылі здзяйсненне і падрыхтоўку да здзяйснення забойстваў, выкраданне і падрыхтоўку да выкрадання чалавека, махлярства, разбой, вымагальніцтва, крадзеж або знішчэнне дакументаў і незаконны абарот наркотыкаў або псіхатропаў.