Самая галоўная пагроза дзяржаўнай бяспекі, відаць,  гэта свабода слова.

28 траўня. Магілёў. Алесь Святліцкі


Двух магілёўскіх журналістаў – аператара Яўгена Глушкова і фрылансера Аліну Скрэбунову – раніцай 29 мая чакае суд па абвінавачванні ў незаконным вырабе прадукцыі СМІ за два сюжэты на тэлеканал БелСАТ. Першы з іх быў прысвечаны памылцы магілёўскіх уладаў, з-за якой выселілі жыхароў дамоў па вуліцах Будаўнікоў і Заслонава, другі -самагубству кіраўніка аграпрамкомплекса «Купалаўскае» Дзмітрыя Васілеўскага ў Шклоўскім раёне.

Глушкоў і Скрэбунова раней выказвалі думку, што адміністрацыйныя справы ў дачыненні да іх ініцыяваў Камітэт дзяржаўнай бяспекі. Не памыліліся – у матэрыялах справы сапраўды ёсць ліст начальніка Шклоўскага міжраённага аддзелу КДБ А.А. Ромскага, які просіць начальніка Шклоўскага РАУС Вячаслава Крылова прыняць «меры прававога рэагавання», а пра вынікі паведаміць на адрас КДБ.

«5 красавіка названымі асобамі [Глушковым і Скрэбуновай] ў в. Фашчаўка здзейснена падрыхтоўка відэарэпартажу па факце смерці кіраўніка аграпрамысловага холдынгу«Купалаўскае» Д. Васілеўскага, падчас чаго праведзена інтэрв’юіраванне асобных жыхароў населенага пункта», – пазначыў парушэнне Ромскі.

– Гэта толькі даказвае палітычную матываванасць і заказны характар дадзенай узбуджанай адміністрацыйнай справы, – лічыць праваабаронца Барыс Бухель. Паводле яго слоў, гэты факт абавязкова будзе адлюстраваны падчас судовага працэсу 29 траўня.

Падтрымаць журналістаў можна ў судзе Ленінскага раёна г. Магілёва а 10 раніцы.