Новы кіраўнік вобласці Леанід Заяц у вачах Аляксандра Лукашэнкі павінен стаць новай надзеяй. Але ён яго звольніць прыкладна каля 2024 года – калі не раней.

8 красавіка. Магілёў. Ігар Лазоўскі. Фота – sputnik.by


26 сакавіка Аляксандр Лукашэнка звольніў старшыню Магілёўскага аблвыканкама Уладзіміра Даманеўскага падчас наведвання аграхолдынга «Купалаўскае». Прэзідэнта збянтэжылі «каровы як у Асвенціме» і тое, што «скаціна абас*аная ўся». Прыляцела шмат каму – у тым ліку і міністру сельскай гаспадаркі Леаніду Зайцу і віцэ-прэм’еру Міхалу Русаму, якіх 27 сакавіка Лукашэнкі адправіў у адстаўку.

Зрэшты, ненадоўга – ужо 1 красавіка прэзідэнт адправіў Русага і Зайца падымаць Магілёўшчыну, адзначыўшы, што тыя павінны паказаць сябе «тэхналагічнымі сапраўднымі мужыкамі».

3 красавіка Магілёўскі абласны Савет дэпутатаў аднагалосна зацвердзіў экс-міністра ў якасці новага старшыні аблвыканкама. Зваротны адлік пачаўся.

СУПРАЦЬ ПОСПЕХУ ЛЕАНІДА ЗАЙЦА – ДОСВЕД ЯГО ПАПЯРЭДНІКАЎ

За апошнія дваццаць гадоў Магілёўскай вобласцю даўжэй шасцігадовага тэрміну кіраваў толькі адзін чалавек – Барыс Батура. 8 гадоў, з 14 лістапада 2000 па 31 кастрычніка 2008 Батура стаяў на чале рэгіёна. Трэба аддаць належнае, што за час яго кіраўніцтва вобласць здолела выйсці з крызісу канца 90-х гадоў. Шмат у чым гэта злучана з расійскім капіталам і інвестыцыямі – у Батуры былі добрыя сувязі ў суседняй дзяржаве.

Барыс Батура, фота – mlyn.by

Ён жа быў апошнім са старшыняў Магаблвыканкама, хто пайшоў на падвышэнне – у 2008 годзе стаў старшынём Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Беларусі IV склікання, верхняй палаты парламента.

У астатніх атрымалася горш. Значна горш.

ПЁТР РУДНІК І ЯГО «НІКЧЭМНЫ» СТЫЛЬ КІРАВАННЯ

Пётр Руднік, які змяніў Батуру, да гэтага займаў пост дырэктара «Магілёўліфтмаша». Пад канец 00-х прадпрыемства было на ўздыме, завод атрымліваў шмат замоваў з Расіі, а рабочыя – адносна нядрэнныя зарплаты.

Пад канец 2008 года Руднік афіцыйна стаў старшынёй Магілёўскага аблвыканкама і пратрымаўся 6 гадоў, хоць рэгіён пры ім дэградаваў.

Петр Руднік

Усё скончылася прыкладна гэтак жа, як і нядаўна ў «Купалаўскім» – 5 лістапада 2014 года Лукашэнка на нарадзе ў доме Саветў заявіў, што ў вобласці адсутнічае адэкватная сістэма падбору кадраў, а стыль працы Рудніка ён назваў «нікчэмным». Праўда, прэзідэнт даў галаве вобласці час на выпраўленне – 10 дзён.

Да 15 лістапада Руднік змяніў некалькіх кіраўнікоў прадпрыемстваў і сельгас арганізацый па ўсім рэгіёне, быў строгім з падначаленымі і імкнуўся навесці парадак. Не дапамагло – 22 снежня, менш чым праз месяц пасля нарады, Лукашэнкі звольніў Рудніка. Ужо на наступны дзень экс-старшыню аблвыканкама прызначылі генеральным дырэктарам завода «Магілёўхімвалакно». Там справы ў Пятра Міхайлавіча пайшлі трохі лепш – прадпрыемства развіваецца, хоць праблемы ёсць.

УЛАДЗІМІР ДАМАНЕЎСКІ – НЕЗАЎВАЖНЫ І НЕЗРАЗУМЕЛЫ

Наступным пасля Рудніка старшынёй Магілёўскага аблвыканкама стаў Уладзімір Даманеўскі. Да гэтага чыноўнік доўгі час займаў розныя пасады ў апараце Мінскага аблвыканкама, потым чатыры гады быў старшынёй Слуцкага райвыканкама, а потым год быў памагатым прэзідэнта ў Гарадзенскай вобласці.

Уладзімір Даманеўскі, фота – Дзяніс Васількоў, tut.by

27 снежня 2014 Лукашэнка прызначыў Даманеўскага старшынёй Магілёўскага аблвыканкама і тут, бадай, і ўсё. На фоне цвёрдага і аўтарытарнага Рудніка Даманеўскі выглядаў ценем, які незразумела за што адказвае. Ён сустракаўся з нейкімі дэлегацыямі, развіваў адносіны з Кітаем, і нечым займаўся, але вобласць бадзёра дэградавала.

Усе ведаюць, чым скончылася пяцігадовае кіраванне Уладзіміра Віктаравіча – «Купалаўскае», каровы, пагроза надзець кайданкі, out.

Куды яго адправяць працаваць – пакуль невядома.

ЗАЯЦ ШМАТ ЧАГО СКАЗАЎ ПРА ПЛАНЫ. РУДНІК ПАЧЫНАЎ ПРЫКЛАДНА ГЭТАК ЖА

3 красавіка, адразу пасля зацверджання Зайца ў ролі старшыні Магаблвыканкама, Наталля Качанава, кіраўніца Адміністрацыі прэзідэнта, заявіла, што «кадравыя перастановы ў рэгіёне дапамогуць рэалізаваць у поўнай меры патэнцыял вобласці».

«Часу вельмі мала, за два гады мы павінны змяніць эканоміку гэтага рэгіёна», – заявіў сам Заяц, – Трэба вырабляць больш запатрабаванай таварнай прадукцыі, рэалізоўваць яе па добрых коштах, а атрыманыя сродкі скіроўваць на гаспадарчую дзейнасць, развіццё сацыяльнай інфраструктуры, падвышэнне заробнай платы, – расцекся ў планах экс-міністр адразу пасля прызначэння.

Наўрад ці гэтыя словы каштуюць шмат. Да яго Руднік і Даманеўскі ўступалі на пасаду з такой жа рыторыкай, але змяніць эканоміку ў іх калі і атрымалася, то неяк не туды.

Руднік пасля зацверджання яго старшынём аблвыканкама, заяўляў, што «Магілёўшчына не павінна змяншаць звароты, яна павінна рухацца наперад».

Мы абавязаны не дапусціць падзення вытворчасці ў вобласці і дасягнуць запланаванага прыросту прамысловага і сельскагаспадарчага. Трэба не толькі не страціць рынкі збыту, але і знаходзіць новыя, нетрадыцыйныя рынкі для прадукцыі нашых вытворцаў, – з гэтых словаў пачыналася кар’ера Пятра Міхайлавіча як кіраўніка рэгіёна.

Калі на пасадзе старшыні аблвыканкама зацвердзілі Даманеўскага, ён з планамі не спяшаўся – сказаў, што не падрыхтаваны, каб казаць па гэтай тэме. Затое ў чарговы паказаў, як любіць прэзідэнта, назваўшы яго «палітыкам сусветнага маштабу», які якраз «фармаваўся ў Магілёўскай вобласці».

РОБАТЫ-ДЭПУТАТЫ

Ведаеце, што яднае Рудніка, Даманеўскага і цяпер Зайца? Кожны з іх быў прызначаны старшынём аблвыканкама асабіста Аляксандрам Лукашэнкай. Але апроч прызначэнняў, кожнага з гэтых людзей зацвердзіў на пасадзе Магілёўскі абласны Савет дэпутатаў.

Магілёўскі аблсавет дэпутатаў, фота – mogilevnews.by

Важны момант – аднагалосна.

Вядома, Беларусь – дрэнная краіна для таго, каб спрачацца ў ёй з Лукашэнкай. Але пацешна выглядае факт таго, што кандыдатуры людзей, якія апошнія дзесяць гадоў кіруюць вобласцю з насельніцтвам каля мільёна чалавек, не выклікалі ніякіх пытанняў.

Даманеўскі і Заяц увогуле до прызначэння ў Магілёўскую вобласць нічога агульнага з ёй не мелі. Апошні, да таго ж, яшчэ і праваліўся як міністр.

Урэшце, як можна ў трэці раз запар аднагалосна зацвярджаць новага старшыню Магаблвыканкама, калі Аляксандр Лукашэнка, які прызначыў першых двух, відавочна быў няправы?

Калі б Саветы дэпутатаў у Беларусі абіраліся, а не фармаваліся, інтрыгі са з’яўленнем новага кіраўніка рэгіёна было б больш.

Пакуль жа інтрыгі няма – Магілёўская вобласць упэўнена пляцецца ў эканамічным хвасце рэспублікі. Змена старшыні аблвыканкама ў гэтым выпадку – усяго толькі замена люстры над перагарэлай лямпачкай.

Праз 5-6 гадоў, калі не раней, Зайца зменяць – на яго павесяць усіх сабакаў адсталасці рэгіёна, пасля чаго Аляксандр Лукашэнка прызначыць новага героя. Той будзённа скажа пра вялікія планы і яго зацвердзяць. Аднагалосна.