Пакуль у Магілёве яно толькі адно.


19 сакавіка. Магілёў. Алесь Святліцкі


Магілёўскі гарвыканкам «прапрацоўвае пытанне» павелічэння колькасці месцаў правядзення масавых мерапрыемстваў, якія арганізуюць палітычныя партыі, грамадскія аб’яднанні, прафсаюзныя арганізацыі і грамадзяне.

Улады таксама паведамілі, што па выніках разгляду будуць унесеныя адпаведныя змены ў рашэнне гарвыканкама «Аб масавых імпрэзах у горадзе Магілёве».

Пра гэта праваабаронцам Аляксею Колчыну, Барысу Бухелю і Аляксандру Буракову паведаміла намеснік старшыні гарвыканкама Ала Галушка ў адказ на іх зварот з патрабаваннем павялічыць колькасць дазволеных месцаў для мірных сходаў у Магілёве. Пакуль жа ў горадзе застаецца толькі адно месца для пікетаў, мітынгаў і сходаў – стадыён па вуліцы Чалюскінцаў №64в.

У сваім лісце праваабаронцы пазначалі, што з усіх абласных цэнтраў толькі ў Магілёве ўсталявана адзінае месца для правядзення масавых мерапрыемстваў. У той жа час, у Віцебску іх тры, у Брэсце, Горадні і Гомлі па два, а ў Пінску і зусім пяць.

– На жаль, службоўцы не адказалі, калі менавіта унясуць змены. Прапрацоўваць пытанне яны могуць аж да «другога прышэсця». Але будзем чакаць усё ж найхутчэйшага развіцця сітуацыі, – пракаментаваў адказ чыноўніцы Барыс Бухель.