Праваабаронцаў і журналістаў на сустрэчу не пусцілі.

23 траўня. Магілёў. Ігар Лазоўскі


Праваабаронца «Магілёўскай вясны» Барыс Бухель паведаміў, што ў дадзены момант (каля 16 гадзін дня) у Магілёве праходзіць сустрэча пацярпелых ад масавай аблавы цыган і прадстаўнікоў улады.

– Учора ўночы я з адным журналістам адправіўся ў мікрараён Чапаеўка па просьбе мясцовых жыхароў, папрасілі тэрмінова прыехаць. Было 10-15 чалавек. Сказалі, што да іх прыязджаў прадстаўнік мясцовых уладаў, нібыта з аблвыканкама, і прапанаваў ім сустрэчу з уладамі, каб разабрацца з пытаннем.

Праваабаронца распавёў, што сустрэчу прызначылі на палову чацвёртага. Спецыяльна для ромаў прыгналі мікрааўтобус з таніраваным шклом. Пры гэтым частка людзей адмовілася ехаць.

?

Сустрэчу вырашылі правесці ў будынку «Магілёўаблспажыўсаюза» – ён знаходзіцца паміж палітэхнічным каледжам і чыгуначным вакзалам.

Бухель паведаміў, што ад уладаў на сустрэчу прыбыў вялікі склад, у тым ліку кіраўнік Адміністрацыі прэзідэнта Наталля Качанава. Акрамя таго, тут прысутнічала вялікая колькасць міліцыі.

Зрэшты, даведацца, што адбывалася ў зале, атрымаецца толькі па заканчэнні збору – журналістаў і праваабаронцаў, як сцвярджае Барыс Бухель, ўнутр памяшкання не пусцілі:

–  Не дапусцілі нават дзяржаўныя СМІ, тое ж БелТА. Як я зразумеў, пра гэта папрасіў хтосьці з цыган, магчыма барон.

Нядопуск, па словах прадстаўніка «Магілёўскай вясны», адзін з чыноўнікаў патлумачыў тым, што гэта “звычайная працоўная сустрэча”.

У дадзены момант журналісты і праваабаронцы чакаюць вынікаў перамоваў.

Будзе дапоўнена