Работы з конкурсаў творчасці асуджаных ПК-22 і ПК-11 ацанілі ў Маскве.

Старшыня Сінадальнага аддзела па турэмным служэнні Беларускай Праваслаўнай царкве Георгій Лапухоў атрымаў у Маскве ўзнагародныя граматы для турэмных абшчынаў у ваўкавыскай ПК-11 для рэцыдывістаў і івацэвіцкай ПК-22 “Воўчыя норы”. БПЦ такім чынам давала справаздачу перад Маскоўскім патрыярхатам.

Прадстаўнік БПЦ прыняў удзел у рабоце секцыі “Турэмнае служэнне” у рамках XXXIII Міжнародных Калядных адукацыйных чытанняў пад назвай “80-годдзе Вялікай Перамогі: памяць і духоўны досвед пакаленняў”, якія прайшлі на тэрыторыі Храма Хрыста Збавіцеля.

Мерапрыемства было названа “дыялогавай пляцоўкай для абмеркавання пытанняў арганізацыі дзейнасці духавенства ў месцах прымусовага ўтрымання”.

На гэтай пляцоўцы разглядаліся пытанні арганізацыі богаслужэбнага жыцця ў пенітэнцыярных установах сумесна з начальствам Федэральнай службы выканання пакаранняў (ФСВП). РПЦ і ФСВП пашыраюць супрацоўніцтва – так, летась у гэтага ведамства з’явіўся свой нябесны заступнік – па блаславенні патрыярха Маскоўскага Кірыла прападобны Пімен Угрэшскі быў вызначаны нябесным апекуном крымінальна-выканаўчай сістэмы Расіі.

Адзначым, што мерапрыемства праходзіла на фоне вярбоўкі зняволеных расейскіх турмаў на вайну супраць Украіны. Беларускія ўдзельнікі паводзілі сябе вельмі асцярожна. Паралельна ў рамках гэтых жа XXXIII Міжнародных чытанняў было праведзена пасяджэнне секцыі «Уплыў уцаркоўленасці афіцэрскага і радавога складу ўнутраных войскаў НКУС СССР на дасягненне Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне», якое прайшло ў комплексе Князь-Уладзімірскага храма, які з’яўляецца галоўным храмам войскаў нацыянальнай гвардыі. На такіх пасяджэннях беларускія духоўныя дзеячы палічылі за лепшае не з’яўляцца.

Перад увізітам у Маскву Георгій Лапухоў сустрэўся з начальнікам ДВП МУС Беларусі Алегам Маткіным і начальнікам упраўлення па арганізацыі папраўчага працэсу Уладзіславам Мандрыкам, на якім быў зацверджаны план мерапрыемстваў на год.