Наш ужо традыцыйны топ, прысвечаны Дню барацьбы за правы жанчын.
Ужо трэці год запар часопіс аб правах чалавека MSPRING да 8 сакавіка вызначае дзяўчат і жанчын, якія сваімі ўчынкамі і дзейнасцю натхнялі Магілёў.
Гэтыя дзяўчынкі/дзяўчаты/жанчыны сваім прыкладам змушалі нас не здавацца, калі нешта не атрымлівалася ці калі проста лянота. Прымушалі зразумець, што такое прынцыповасць, сіла духу і ўпэўненасць у сваіх каштоўнасцях. Дапамагалі ўсвядоміць, навошта і чаму важна дапамагаць іншым. Такія людзі, як у гэтым топе, рухаюць горад наперад.
Адразу скажам, што гэты спіс – не вяршыня аб’ектыўнасці, ды мы і не збіраемся ў яе гуляць. Зрэшты, магіляўчанак, якімі можна і варта захапляцца, значна больш, аднак менавіта гэтыя жанчыны, на думку рэдакцыі MSPRING, вартыя асобнага згадвання.
Натуральна, многія дзяўчыны звязаны з падзеямі лета-восені 2020 году – нельга ігнараваць гістарычны злом, які адбыўся ў краіне.
Таксама ў топ увайшлі дзве валанцёрскія каманды – вылучыць кагосьці асобнага ў іх складана.
Такім чынам, вашай увазе – лэдзі з Магілёва, якія натхнялі нас у мінулым годзе па версіі MSPRING.MEDIA.