У магілёўскай ІК-15 у ліпені зноў “Дні сектара”, на якіх адміністрацыя нядрэнна зарабляе.
Родныя асуджаных маюць права раз на год наведаць калонію, каб пабачыць умовы адбывання пакарання. Таксама прадастаўляецца пазачарговая магчымасць пару гадзін пагутарыць з родным.
Раней такое права атрымлівалі родныя так званых “актывістаў” – асуджаных, якія супрацоўнічаюць з адміністрацыяй. У гэтым годзе такое права (у залежнасці ад фінансавага ўдзелу) атрымалі толькі атрады, у якіх прайшоў рамонт, аплочаны асуджанымі.
Родныя вязняў, як і ў мінулым годзе, разам з запрашэннем на “Дзень адкрытых дзвярэй” атрымалі ад адміністрацыі ІК-15 і дадатак (на фота) з апісаннем сфарміраванага прадуктовага пакета, які трэба выкупіць прыкладна за 280 рублёў (гэта поўная копія такіх жа дадаткаў, якія выдаваліся ў мінулым годзе).
Вага такога пакета складае каля 30 кг, ён выкупаецца ў буфеце калоніі і тут жа можна дакупіць прадукты да агульнай вагі 50 кг. Выбар прадуктаў даволі вялікі, уключаючы нават марозіва.
ІК-15 складаецца з чатырох сектараў – то бок, чатырох трохпавярховых будынкаў, у якіх жывуць асуджаныя. Адзін атрад займае адзін паверх.