“Як толькі апускаеш рукі – атрымліваеш ад жыцця па твары”. Магілёвец, які бегае доўгія дыстанцыі, піша кнігі, дапамагае дзецям і ахвярам рэпрэсій, змагаючыся ўжо больш за дзесяць гадоў з цяжкім захворваннем, распавядае пра сваё жыццё.
ХТО ТАКІ КАСТУСЬ ШАНЦАЎ?
Дысклэймер: Мы павінны сказаць, што галоўны герой гэтай публікацыі вельмі прасіў не называць яго дыягназ, бо ўпэўнены ў тым, што не ён вызначае яго чалавечыя якасці і не хацеў звяртаць увагу чытача на яго. Разам з тым мы, як журналісты, для фактуры павінны адзначыць – адзіны раз у гэтым тэксце – у Кастуся анкалогія.
Канстанціну Шанцаву – 45 гадоў. Ён працуе спецыялістам па якасці на беларуска-літоўскім прадпрыемстве «Мебелайн» у свабоднай эканамічнай зоне “Магілёў”. З 2007 года ён змагаецца з хваробай, якая то абвастраецца, то адбываецца рэмісія, але не сыходзіць. З-за гэтага ён ужо перанёс мноства аперацый. Некалькі разоў пасля наркозу ён прыходзіў у сябе, разумеючы, што не адчувае ног. Але ўсё роўна працаваў і працуе над сабой і грамадствам, у якім ён жыве. Пра хваробу ён размаўляць не любіць – лічыць, што жывы чалавек больш і вышэй тых праблем, якія яму выпадаюць па жыцці.
Шанцаў піша кнігі. Як ён сам прызнаецца, ён не лічыць іх з літаратурнага пункту гледжання паспяховымі. Але гэта дазваляе яму мець дадатковы даход, які ён пускае на дабрачынныя мэты.
Кніга «Пясчынкі шчасця» – пра прыгоды чалавека, які апынуўся ў Чарнобыльскай зоне ў вельмі складаных умовах. Галоўная задача для галоўнага героя – быць і застацца чалавекам. На «ЛітРэс» кніга выйшла ў кастрычніку 2020 года.
Кніга «Дождж» выйшла на той жа платформе ў снежні 2020 года. Яна – пра жыццё чалавека, які апынуўся ў цяжкай жыццёвай сітуацыі, перад якім ёсць проста выбар – ваяваць ці здацца.
Абедзве кнігі Шанцаў пісаў вельмі доўгі час. Апублікаваць іх яго падштурхнулі сябры, якім ён скідваў тэксты ў Інстаграм. Нечакана кнігі пачалі купляць – на іх продажы новы аўтар з Магілёва за кароткі час сабраў каля 7 тысяч даляраў, якія пусціў на дабрачынныя мэты.
ПРА КНІГІ І ПРА САБЕ
Я не хачу сказаць, што ў мяне было жаданнем ўсяго жыцця пісаць кнігі. Гэта атрымалася неяк само сабой. Была магчымасць іх апублікаваць, перавесці з тэксту ў фармат кніг і прадаваць. Атрымалася выручку за іх перавесці на дапамогу тым людзям, якія пацярпелі пасля мірных пратэстаў у Рэспубліцы Беларусь.
Гэта не тое, што спроба атрымаць месца ў раі. Я магу дапамагчы – і я дапамагаю. Часам удзельнічаю ў дабрачынных забегах, катаюся на ровары і роліках – я проста спрабую далучыць людзей сваім прыкладам да дапамогі іншым. Гэта дазваляе адчуваць мне кайф ў жыцці і ў той жа час дапамагаць людзям.
Кожны чалавек можа і павінен дапамагаць іншым. Гэтая патрэба ёсць ва ўсіх, я ўпэўнены. Проста хтосьці вынішчае гэта ў сабе, а хтосьці спрабуе прымяніць гэтую патрэбнасць па прызначэнні.
Абедзве кнігі – «Пясчынкі шчасця» і «Дождж» – гэта кнігі-раманы на сацыяльную тэму. «Дождж» – вельмі слабая кніга, на самай справе. Першапачаткова я проста казаў, што буду дасылаць гэтую кнігу тым, хто дапамагае іншым людзям, пра што распавёў у сваім Інстаграме. Але выйшла так, што яе пачалі купляць. Хоць я ў жыцці гэтых грошай на руках не бачыў – практычна ўсё, што прыходзіла на электронныя кашалькі, адпраўлялася на дапамогу добрым людзям, скажам так.
2007
Захворванне ў мяне з 2007 года. Яно часам абвастраецца – і тады мне патрэбныя аперацыі, каб далей жыць, і наступная рэабілітацыя, з якой не заўсёды проста, але я заўсёды спраўляюся. Я не хачу расказваць шмат пра сваю хваробу – ёсць і ёсць. Важна засяроджвацца на добрыя рэчы, а не на дрэнныя. Жывы – ужо добра. Жывы і нічога не баліць – выдатна.
Варта вялікі дзякуй сказаць некаторым лекарам. Мне пашанцавала з лекарамі з Нямеччыны. Нізкі паклон Хэлен, якая сыйшла ад нас у 2019 годзе з-за праблем з сэрцам, і Марыне, якая пакінула нас у 2020 годзе з-за COVID-19. Яны ўклалі ў маю папраўку не толькі свае сілы і час, але і душы.
У нас таксама ёсць лекары з вялікай літары, для якіх усё роўна, хто перад імі – хоць міністр, хоць вартаўнік. Для іх важна дапамагчы чалавеку. Іншыя ж лекары спрабуюць, скажам так, зарабіць на сітуацыі, у якой захварэламу патрэбна медыцынская дапамога.
ХВАРОБА – ГЭТА ДОРАГА?
Ёсць нейкія моманты, калі патрэбныя выдаткі на медыцынскае забеспячэнне. У такім выпадку я проста бяру нейкія падпрацоўкі электрыкам або майстрам на гадзіну, як гэта цяпер модна называць, handyman`ом (смяецца). Я не прашу скінуць мне грошы проста так. Упэўнены, што космас усё бачыць – і калі патрэбны грошы, то атрымліваецца знайсці месцы, дзе можна падзарабіць дадатковых сродкаў. Рукі-ногі ёсць – ужо выдатна.
Я зарабіў на сваіх кнігах, згодна з апошняй лічбы, каля 7 тысяч даляраў. Я іх сам асабіста не бачыў. Часткова сума сыходзіць на ахвяраванні для праекта каманды «Сумленныя людзі» «Хуткая узаемадапамога». Гэта праект, у якім можна дапамагчы тым, хто пацярпеў з-за сваёй грамадзянскай пазіцыі і ў каго ўзнікла вострая патрэба ў грошах.
Акрамя таго, асобна грошы ідуць на закупку развіваючых гульняў для дзяцей з асаблівасцямі развіцця ў інтэрнатах. Размеркаваннем займаецца іншы чалавек, дзяўчына, якая ўзяла на сябе груз далучэння людзей да дапамогі тым, хто жыве у нястачы. Мне прыемна ў гэтым удзельнічаць.
Кажуць, гэтых грошай магло мне хапіць на нядрэнную машыну. Толькі вось яна мне не трэба. У мяне ёсць ровар, ролікі і ногі, абутыя ў красоўкі. Мне падабаецца адчуванне, калі ты сам, сваімі сіламі прыводзіш транспарт у рух. Аднойчы з’ездзіў з Магілёва ў Мінск і назад якраз на ровары. Пяцьсот кіламетраў за дваццаць шэсць гадзін без прыпынкаў. Я тады ўпершыню ў сваім жыцці сутыкнуўся з тым, што я засынаў на ровары. Гэта не было нейкім выклікам або праверкай сваіх сіл. Гэта было проста адным з пунктаў, які хацелася зрабіць. Шмат у каго ёсць такія спісы жаданняў.
АБ КАРУПЦЫІ Ў МЕДЫЦЫНЕ
Сутыкаўся з тым, што, у чалавека ёсць усе неабходныя дакументы, накіраванне, каб легчы ў лякарню. Але калі ён прыехаў да пэўнага лекара, той сказаў, што месцаў у лякарні няма. Хоць без наяўнасці месцаў проста б не выдалі накіраванне. Але ўсё роўна ж кажуць – месцаў няма. А вось калі ў дакументы робіцца закладка, скажам, даляраў у пяцьдзесят, – тады можа мястэчка і знойдзецца. Гэта ж ненармальная сітуацыя. Зарабляць на чужых пакутах – гэта як мінімум нізка.
Наколькі часта я сам сутыкаўся з такімі сітуацыямі? Мне ў гэтым плане трохі прасцей, паколькі я ўмею з людзьмі размаўляць. Калі такія сітуацыі ўзнікалі, я тлумачыў, што я гэта карупцыя і гэта выкліча праблемы з законам як у іншага чалавека, так і ў мяне.
РЭХА САВЕЦКАГА САЮЗА
Праблема з лячэннем – у сістэме, якая ідзе яшчэ з Савецкага саюза. Хоць я нарадзіўся там і ў мяне шмат цёплых успамінаў пра яго, вось гэтая сістэма, калі ты ідзеш у медустанову і нясеш туды пакет, выклікае асабліва негатыў. Нават у страхавой медыцыне я быў сведкам выпадкаў, калі лекару неслі той самы пакет. Гэта ўжо ў крыві, напэўна, гэта трэба вынішчаць. Выкараніць гэтую праблему вельмі складана.
Лекары не могуць без пацыентаў, а пацыенты без лекараў. Атрымліваецца, што людзі самі збольшага пагаджаюцца на гэтыя схемы, нават калі яны намінальна супраць іх. Попыт нараджае прапанову, відаць. Напрыклад, людзі бачаць, што які-небудзь доктар праявіў сябе, стаў свяцілам навукі, скажам так. Яны самі панясуць да яго пакет пабольш, а яшчэ верагодней – канверт пабольш, толькі каб гэты таленавіты лекар іх агледзеў. Не хачу судзіць, я не суддзя, але мне здаецца, што ў гэтай сітуацыі вінаватыя ўсё – і лекары, і пацыенты.
ПРА БЕЛАРУСКУЮ УЛАДУ І ЛЮДЗЕЙ
Ці ёсць у мяне зараз адчуванне, што зараз дзяржава і людзі жывуць у розных мірах? Кожны народ заслугоўвае свайго кіраўніка, як хтосьці казаў. Але тут усё ж такі наш менталітэт дапамагае, як мне здаецца, прыстасавацца. Ёсць шмат людзей, якіх я называю канапавымі каментатарамі. Яны гатовыя выказваць незадаволенасць, абмяркоўваць дзеянні дзяржавы на канапе, на кухнях, на нейкіх перапынках на працы, дзе-небудзь там, дзе нічога рабіць не трэба. На словах – літаральна па пстрычцы гатовыя вырашыць ўвесь крызіс, які цяпер ёсць. Але тым не менш, каб нешта зрабіць – трэба нешта пачаць рабіць. А гэта ў іх планы не ўваходзіць.
Я сутыкаюся з тым, што хлопцы, якія б’юць сябе ў грудзі і кажуць, што, маўляў, у нас шмат сілы, мы многае можам, не вартыя і пазногця тых дзяўчынак, якія ахвяруюць хоць бы тыя ж грошы на патрэбы іншых людзей. Рабіце хоць што-небудзь, каб улада адчувала вашу сілу, вашу салідарнасць. Без усялякіх арганізацый і аб’яднанняў, калі людзі будуць рабіць тое, што яны могуць, каб зрабіць сваю краіну лепш, калі яны не спыняюцца і дапамагаюць астатнім – гэта абавязкова спрацуе. Любы чалавек, які дапаможа іншаму, стане крыху больш «светлым» ў душы. Я сам атрымаў вельмі моцную падтрымку і дапамогу ад маленькай і далікатнай дзяўчыны. Паверце, гэта вельмі моцна ўражвае. І вось такія людзі не дадуць нашай краіне сысці ў цемру. Гэта «маленькія воіны святла».
ПРА БЕЛАРУСЬ – КРАІНУ ПАРТЫЗАНАЎ
Тое, што зараз адбываецца – гэта вынік таго, што многія людзі сказалі самі сабе, маўляў, не атрымалася, не выйшла. Крута, што да гэтага часу ёсць тыя, хто ўсё ж такі праяўляюць нейкую актыўнасць. Гэтыя дзеянні павінны прывесці да зменаў. Ня сілавыя дзеянні. Сілавыя дзеянні – гэта па-дурному і небяспечна для жыцця і здароўя людзей. Менавіта актыўнасць і настойлівасць у выказванні сваёй пазіцыі могуць здзейсніць перамены.
Вядома, ёсць адчуванне, што ў большасці сваёй людзі не гатовыя быць героямі. Я сам ўсяго толькі звычайны чалавек. Са сваімі слабасцямі. Але мне ёсць на каго раўняцца. Паглядзіце, Беларусь як раз моцная тым, што герояў, магчыма, не так шмат – але ўсё гэта моцныя і натхняючыя асобы. І падчас Вялікай айчыннай вайны такіх было шмат, і той жа Кастусь Каліноўскі – прыклад мужнасці і адвагі. Такія людзі даюць натхненне і веру ў тое, што добрыя часы надыдуць. Беларусь – гэта краіна партызан, якія дасягаюць сваіх мэтаў.
Жыццё – як бокс. Як толькі апускаеш рукі – ты адразу атрымліваеш накдаўн.