Ёсць такая верагоднасць.
Нагадаем, 8 ліпеня мы паведамілі пра дастаткова дзіўныя падзеі, якія адбываліся ў папраўчай калоніі №22 ў Івацэвіцкім раёне, з якой вызваліўся палітвязень, лідар ліквідаванай уладамі Партыі БНФ Рыгор Кастусёў.
Пасля яго вызвалення, каля 30 асуджаных адміністрацыя вырашыла адправіць у ШІЗА і памяшканні камернага тыпу (ПКТ), а ў калонію прыбыла праверка вышэйшых ведамстваў.
Праверка высветліла, што спісы асуджаных, якія падлягаюць амністыі, былі складзеныя няправільна: дзіўным чынам у іх былі ўключаны прозвішчы вязняў, якія не падпадаюць пад артыкулы закона. З іншага боку, частцы вязняў было абяцана, што яны трапяць у спісы, але гэтага не адбылося.
У спісы на вызваленне спачатку патрапілі нават тыя, хто мае некалькі спагнанняў. Адсюль можна зрабіць выснову, што ўлады рыхтавалі вызваленне значна большай колькасці людзей шляхам памілавання.
На карысць гэтай версіі кажа і тое, што адбываецца ў гомельскай жаночай калоніі №4 – там адміністрацыя ІК масава запатрабавала даведкі пра месца жыхарства і прапіску ў выпадку вызвалення нават для вязняў, якія вызваляюцца толькі праз некалькі гадоў.