Дэкада бясплатнай працы для падлеткаў.

Так званыя лагеры працы і адпачынку створаныя пры ўсіх магілёўскіх школах. Як правіла, падлеткаў ва ўзросце ад 14 гадоў да 17 гадоў, паводле працоўнага заканадаўства, прымушаюць два тыдні адпрацаваць на ўборцы тэрыторыі вакол навучальнай установы. Адмовіцца ад такой працоўнай дзейнасці нельга, бо трэба атрымаць «залік» за летнюю практыку.

Аднак у некаторых навучальных установах пайшлі далей. На фота — удзельнікі студэнцкага атрада «Імпульс» імя Зіны Партновай, які створаны пры Магілёўскім абласным ліцэі №1. Група школьнікаў афіцыйна названая «студатрадам», хоць дзеці студэнтамі не з’яўляюцца.

Падлеткаў возяць на адпрацоўку — праполку маладых елак пад пякучым сонцам і ў брудзе — у Магілёўскі лясгас. Дзеці працуюць з першага ж дня канікул, а форму «студатрада» — рабочую спецвопратку — ім выдалі толькі праз тыдзень, спецыяльна для фота.

Ці будзе аплата за іх працу, школьнікі не ведаюць. Верагодна, лясгас нешта пералічыць абласному ліцэю, а адміністрацыя нейкім чынам аддзячыць дзецям з дапамогай паслабленняў у навучанні.