Чыноўнікі Мінспорта заявілі, што інфармацыя пра ўдзел у магілёўскіх спаборніцтвах спартоўкі з ДНР – фэйк. Але ёсць нюанс.

12 красавіка. Магілёў. Алесь Святліцкі


У 2017 годзе ў Магілёве праходзілі рэспубліканскія спаборніцтвы па сучасным пяцібор’і на прызы ўпраўлення спорту і турызму Магілёўскага аблвыканкама.

Магілёвец Андрэй Кавалёў звярнуў увагу на тое, што на спаборніцтвах выступілі спартоўцы з непрызнанай «Данецкай народнай рэспублікі», апублікаваўшы скрыншот з сайта Магілёўскага абласнога цэнтра алімпійскага рэзерву па конным спорце і сучасным пяцібор’і.

Пасля хвалі рэзанансу навіну з сайта выдалілі, а мясцовыя спартовыя службоўцы паспяшаліся аспрэчыць удзел ДНР-аўскіх спартоўцаў.

Метадыст цэнтра алімпійскага рэзерву Яўген Белавусаў заявіў у каментары «Радыё Свабода», што «інфармацыя пра гэта на сайце не размяшчалася, адкуль яна ўзялася – ён не ведае».

Прэс-сакратар Міністэрства спорту і турызму Уладзімір Несцяровіч увогуле паведаміў, што інфармацыя пра ўдзел дэлегацыі ДНР у магілёўскіх спаборніцтвах – гэта «фэйкавая навіна, якая з’явілася выпадкова ці наўмысна».

Увогуле спартовыя каманды непрызнаных дзяржаўных утварэнняў ніколі не бралі ўдзел і не бяруць удзел у афіцыйных спартовых спаборніцтвах на тэрыторыі Беларусі, – заявіў Несцяровіч.

Праблема для службоўцаў у тым, што ў выдаленай навіне з сайта магілёўскага цэнтра алімпійскага рэзерву было пазначана, што бронзавы медаль на спаборніцтвах за прызы Магілёўскага аблвыканкама ў адной з катэгорый заваявала Анастасія Шаўчэнка з ДНР.

І роўна гэта ж інфармацыя ёсць на афіцыйным сайце міністэрства спорту «Данецкай народнай рэспублікі», што пацвярджае той факт, што прынамсі адна спартоўка з неіснуючай рэспублікі на спаборніцтвах у Магілёве была.

Рэспубліка Беларусь афіцыйна не прызнавала «Данецкую народную рэспубліку» незалежнай дзяржавай і лічыць яе тэрыторыяй Украіны. Прыезд спартоўца пад сцягам «ДНР» на спаборніцтвы, якія ладзіць Магілёўскі аблвыканкам, дэ-факта кажа пра прызнанне хаця б частковай незалежнасці сепаратыстаў з боку мясцовых уладаў.