У распараджэнне MSPRING.MEDIA патрапіла копія праекту “Моладзевы суботнік”, падрыхтаванага аддзелам ідэалагічнай і выхаваўчай працы ВНУ.
Спачатку ў праекце гаворка ідзе пра экалагічнае валанцёрства. Ідэолагі прыгожымі словамі прапануюць развіваць “ідэі экалагічнага добраахвотніцтва”. Але на старонцы 5 праекта начальнік аддзела па ідэалагічнай і выхаваўчай рабоце сельгасакадэміі Вольга Хоміч раскрывае яго сутнасць (цытата):
“Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Рыгоравіч Лукашэнка 3 студзеня 2025 года падпісаў Указ № 1, якім 2025 год аб’яўлены Годам добраўпарадкавання. Гэты год дае старт пяцігодцы якасці…”
А далей ідзе жорсткая рэальнасць: кіраўніком праекта прызначаная педагог гэтага ж аддзела Юлія Ясюковіч, якая будзе сачыць за тым, як, згодна з Указам, “будзе актывізавацца валанцёрскі рух і рэалізацыя грамадзянскіх ініцыятыў”.
Самі студэнты расказваюць, што ўжо папярэджаны аб праграме мерапрыемстваў – суботнікі будуць праходзіць кожны навучальны месяц, пачынаючы з сакавіка. Улетку будзе перапынак на вакацыі, а з верасня па снежні ўсё працягнецца (напрыклад, акцыя “Чысты бераг”).
Акрамя таго, праектам прадугледжана, што студэнты павінны будуць бясплатна адпрацаваць на прысядзібных участках ветэранаў працы БДСГА ў рамках акцыі “Добрыя рукі”.