Увечары 19 кастрычніка з’явілася інфармацыя пра затрыманне 9 магілёўцаў з-за фотаздымкаў у раёне кальца каля заводу «Магілёўліфтмаш». MSPRING.ONLINE даведаўся, што адбылося + поўны спіс затрыманых.

20 кастрычніка. Магілёў. Леанід Закаў


19 кастрычніка ў раёне завода «Магілёўліфтмаш» прыкладна а 21:10 было затрымана 9 чалавек, якія рабілі, як першапачаткова меркавалася, фотаздымкі з нацыянальнай сімволікай. Ноччу стала вядома, што іх даставілі ў Ленінскі РАУС. Адтуль выпусцілі некалькі чалавек, астатніх жа павінны былі адправіць у ізалятар часовага ўтрымання.

ЯК УСЕ БЫЛО

Адной з затрыманых апынулася Галіна Плавінская. Яна трапіла ў лік людзей, якіх выпусцілі з Ленінскага РАУС і змагла расказаць, што адбылося.

Па яе словах, магілёўцы вырашылі, у першую чаргу, падтрымаць арыштаванага медыка Андрэя Вярбіцкага. Для гэтага яны ўзялі карцінкі твару Андрэя і вырашылі сфатаграфавацца ў двух месцах. Як распавяла Галіна, яны ўжо збіраліся ад’язджаць, як да іх пад’ехала міліцыя.

– Магчыма, хтосьці ўбачыў, як мы стаім з «тварамі» Вярбіцкага і паведаміў у міліцыю. Пад’ехаў мікрааўтобус, іх было пяць чалавек. Чацвёра, акрамя вадзіцеля, былі апранутыя ў грамадзянскую вопратку. Нас пасадзілі, было вельмі цесна, ледзь не на каленях адзін у аднаго ехалі, – распавяла Галіна.

Іх даставілі ў Ленінскі РАУС. Поўны спіс затрыманых (у прозвішчах магчымыя памылкі):

Галіна Плавінская

Наталля Ксяндзова

Антаніна Бараноўская

Валерыя Чэпікава

Алена Саламонава

Павел Гарох

Вольга Захарава

Наталля Машук

Кацярына Ісакава

З усяго спісу, наколькі нам вядома, былі адпушчаныя пасля складання пратаколу Галіна Плавінская, Кацярына Ісакава і Наталля Машук. Пазней з’явілася інфармацыя аб вызваленні Вольгі Захаравай.

«ХУТКАЯ» Ў МІЛІЦЫІ

З дастаўленымі ў Ленінскі РАУС, як распавяла Плавінскі, размаўляў міліцыянт у цывільным адзенні.

– Быў апрануты ў камізэльку, – узгадала Галіна. Па яе словах, Наталля Ксяндзова нешта сказала супрацоўніку міліцыі і ён на яе «ледзь не накінуўся». Плавінская паспрабавала заступіцца, але яе вельмі мякка і акуратна паклалі на падлогу.

Па словах Галіны, Ксяндзову завялі за кут. Праз некаторы час яна вярнулася – у яе з носа цякла кроў. Зрэшты, невядома, ці ўжываўся да яе фізічны гвалт, ці ж гэта наступствы, напрыклад, скачка ціску – поўную праўду мы даведаемся толькі тады, калі Наталля будзе на свабодзе.

Пазней Ксяндзовай стала горш – яе цела звяла сутарга (першапачаткова ў рэдакцыі MSPRING.ONLINE была думка, што гэта звязана з якім-небудзь прыпадкам, але інфармацыя не пацвердзілася – заўв. рэд.). У райаддзел выклікалі «хуткую дапамогу», якая ехала каля гадзіны.

Ксяндзову звезлі на некаторы час, пасля чаго зноў вярнулі ў Ленінскі РАУС.

ШТО ХАЦЕЛІ У РАУС

Галіна Плавінская распавяла, што першапачаткова з ёй гутарыў нейкі «падпалкоўнік». Ён пераконваў яе пачаць казаць пра тое, чаму і навошта яна апынулася на кальцы «Магілёўліфтмаша».

Першапачаткова жанчына адмовілася казаць, аднак пасля гэтага ёй прыгразілі пакінуць яе на 72 гадзіны ў ізалятары часовага ўтрыманьня.

Пасля гэтага яе перадалі супрацоўніку па імені Зміцер.

– Ён быў ветлівы, ставіўся па-чалавечы. Пытаўся, што рабілі на кальцы «Магілёўліфтмаша», навошта мы выйшлі. Я сказала, што вырашыла падтрымаць добрага чалавека – Андрэя Вярбіцкага.

На Плавінскую склалі адміністрацыйны пратакол. Пасля гэтага ёй яшчэ паказвалі відэа з аднаго з магілёўскіх маршаў, дзе знайшлі жанчыну, аддалена падобную на яе. Зрэшты, на роліку аказалася не Галіна. Менавіта гэта, мяркуе жанчына, адыграла ключавую ролю ў тым, што яе выпусцілі з РАУС. Шэсць астатніх чалавек, мабыць, на відэа ўсё ж ідэнтыфікавалі.

ЯШЧЭ ДВОЕ КАЛЕГАЎ ПА НЯШЧАСЦЮ

Акрамя затрыманых на кальцы «Магілёўліфтмаша», у Ленінскім РАУС знаходзілася яшчэ двое чалавек, якіх ўзялі, верагодна, па палітычных матывах. Здаецца, мы нават ведаем імёны – Стас Агароднікаў і Канстанцін Строгін. Няма дадзеных, выйшлі яны з райаддзела ці ж іх адправілі ў ІЧУ на 72 гадзіны да суда.

Такім чынам, у Магілёве ў бліжэйшыя двое сутак павінны альбо выпусьціць або асудзіць каля дзясятка людзей. Зрэшты, няма гарантыі, што суды па гэтых кейсам не будуць таемнымі.