Не можа быць!

19 верасня. Магілёў. Алесь Святліцкі / фота – vk.com/np_mogilev


Вылучэнец па Магілёўскай-Ленінскай акрузе № 84 Ігар Марзалюк, магчыма, выкарыстоўвае адміністрацыйны рэсурс, каб дамагчыся перавагі на парламенцкіх выбарах.

На днях MSPRING.ONLINE стала вядома, што ў адну з устаноў дашкольнай адукацыі, якая размяшчаецца менавіта ў гэтай акрузе, прыйдзе адзін з супрацоўнікаў сістэмы адукацыі, які збярэ подпісы на карысць вылучэнца ў дэпутаты парламента, дзеючага дэпутата Палаты прадстаўнікоў Ігара Марзалюка.

17 верасня ў дзіцячы сад-яслі, які размяшчаецца ў Магілёўскай-Ленінскай акрузе № 84 сапраўды прыйшла жанчына, якая перапісала пашпартныя дадзеныя работнікаў дзіцячага садка ў спецыяльны бюллютень.

Напярэдадні кіраўніцтва дзіцячага сада настойліва рэкамендавала прынесці сваім работнікам пашпарты.

Марзалюк з’яўляецца дзеючым дэпутатам Палаты прадстаўнікоў па гэтай жа акрузе. На мінулых парламенцкіх выбарах 2016 года ён стаў адзіным з магілёўскіх дэпутатаў, каму выбаркамы афіцыйна прыпісалі менш за 50% галасоў падтрымкі.

На пасадзе дэпутата ён запомніўся некалькімі спецыфічнымі ўчынкамі:

– Выступаў на несанкцыянаваным уладамі магілёўскім «Маршы недармаедаў», пасля якога назваў людзей, што прыйшлі туды, «вандроўным цыркам».

– Плакаў і моцна пляскаў падчас выступу Аляксандра Лукашэнкі, пасля чаго стаў мемам.

– Піярыў знойдзены ў Бабруйску «Шлем Ізяслава», пасля чаго наткнуўся на абвінавачванні ў фальсіфікацыі ад украінскага гісторыка.

– Абвінавачваў юнакоў Беларусі ў тым, што сярод іх «стала модным форсам адкасіць ад войска».

– Прапаноўваў увесці штрафы для тых, хто не ходзіць на выбары.

– Казаў, што паважае Сталіна, паколькі «уладу, якая б яна не была, трэба паважаць».

– Займеў уласнае ток-шоў на тэлеканале СТВ.