Паэты завіталі ў Магілеў 14 красавіка па запрашэнні магілёўскага «Чытальніцкага клубу» і гарадской суполкі Таварыства беларускай мовы імя Ф. Скарыны.
Падчас двухгадзіннай імпрэзы ў грамадскім цэнтры “Кола” Эдуард Акулін і Леанід Дранько-Майсюк прачыталі свае вершы і вершы калегаў, а таксама прадставілі дзве кнігі – зборнік вершаў Анатоля Сыса “Берагі майго юнацтва” і кніга праваабаронцы і пісьменніка Алеся Бяляцкага “Бой з сабой”, якую ён прысвяціў свайму сябру – як раз Эдуарду Акуліну.
Зборнік вершаў Анатоля Сыса “Берагі майго юнацтва” – гэта раннія творы паэта, якія знайшоў Алесь Бяляцкі і апрацаваў разам з Эдуардам Акуліным. Раней некаторыя з іх былі надрукаваны ў часопісе “Верасень”, трынаццаты нумар якога таксама прэзентавалі Дранько-Майсюк і ягоны калега.
Кніга «Бой з сабой», якая атрымала назву паводле аднайменнага вершу Акуліна, гэта манаграфія, якую праваабаронца Алесь Бяляцкі пачаў пісаць, яшчэ падчас таго, як быў палітвязнем ў бабруйскай калоніі.
Па словах барда, яму было вельмі прыемна, што ягоны лепшы сябар такім чынам апісаў яго гісторыю, “хоць крыху і няёмка”. Пры гэтым, рэдактарам “Бою” з’яўляецца сам Акулін. Як паведаміў паэт, ён таксама думае над кнігай-творчым партрэтам свайго сябра і, магчыма, “калі-небудзь мы ўбачым манаграфію, прысвечаную Алесю Бяляцкаму”. Магілёўцы змаглі таксама пачуць новую песню барда – “Белае паліто”. Вялікая прэзентацыя кнігі адбудзецца 4 траўня ў “Доме літаратараў” у Менску.
Здымкі і відэа – Алесь Сабалеўскі, FB