28 сакавіка ўсіх ахвочых чакаюць у цэнтры «Кола».
11 сакавіка. Магілёў. Ігар Лазоўскі
Ініцыятыва «За здаровы Магілёў» запрашае ўсіх жадаючых абмеркаваць праблемы і спосабы іх вырашэння, звязаныя з прадпрыемствамі ў свабоднай эканамічнай зоне «Магілёў». Нагадаем, што там размяшчаюцца адразу некалькі заводаў, якія турбуюць гараджанаў – «Омск Карбон Магілёў», ВМГ Індастры, «Кранаспан» і іншыя.
28 сакавіка арганізатары прадставяць сваё бачанне праблем у СЭЗ, раскажуць пра вынікі і далейшую дзейнасць кампаніі «За здаровы Магілёў». Апроч гэтага, плануецца абмеркаванне спосабаў вырашэння існуючых экалагічных праблемаў.
У канцы будуць падведзены вынікі і прынята рэзалюцыя.
Сярод іншага, актывісты кампаніі прапануюць дамагчыся ўсталявання аўтаматычнай станцыі маніторынгу паветра на тэрыторыі СЭЗ, а таксама стварэнне дзяржаўнай лабараторыі па кантролі за выкідамі (у тым ліку і сцёкаў у рэкі і азёры).
Апроч гэтага, актывісты настойваюць на стварэнні сістэмы грамадскага кантролю для маніторынгу стана паветра вакол усёй прамысловай зоны.
З астатнімі прапановамі можна будзе пазнаёміцца падчас круглага экалагічнага стала. Пройдзе ён 28 сакавіка ў грамадскім цэнтры «Кола» (пер. Чкалава, 16). Пачатак – 18:00. Уваход – вольны, але пажадана папярэдняя рэгістрацыя праз інтэрнэт-анкету.