Канферэнцыя завяршылася нечакана – прадстаўнікі завода заявілі, што яны адкрытыя да дыялогу і запрасілі ўсіх прысутных на экскурсію па прадпрыемстве.

20 жніўня. Магілёў. Ігар Лазоўскі


Каардынатар кампаніі “За здаровы Магілёў” Андрэй Бодзілеў на спецыяльна скліканай прэс-канферэнцыі абвясціў аб жаданні вылучацца ў кандыдаты ў дэпутаты парламента.

– Мая задача – не прайсці ў парламент, не патрапіць у яго. Мая задача – звярнуць увагу на тыя парушэнні [экалагічнага] заканадаўства, якія адбываюцца ў нас, – заявіў Бодзілеў.

Паводле ягоных слоў, ён не будзе спаборнічаць з іншымі дэмакратычнымі кандыдатамі, якія зробяць галоўным пунктам сваёй праграмы барацьбу за экалогію.

– Тут няма ніякага разыходжанні па нашых пазіцыях. Чым больш мы будзем падымаць гэтыя пытанні, тым хутчэй яны будуць вырашацца, – сказаў Бодзілеў.

Ён адзначыў, што карыстаецца досыць вялікай падтрымкай з боку жыхароў вёсак Навасёлкі і Вейна – яны як раз уваходзяць у Магілёўскую-Сельскую выбарчую акругу №88, па якой збіраецца вылучацца Бодзілеў. Дарэчы, на выбары ён пойдзе ад “Гавары праўду”.

Яго калега, праваабаронца Беларускага Хельсінкскага камітэту Уладзімір Краўчанка пацвердзіў, што па дапамогу ў абароне экалагічных правоў да ініцыятывы «За здаровы Магілёў» звярталася вялікая колькасць чалавек з гэтых населеных пунктаў, так што давер да Бодзілева будзе.

Таксама на прэс-канферэнцыі было абвешчана аб жаданні экалагічных актывістаў стварыць грамадскую назіральную камісію пры Міністэрстве прыроды і аховы навакольнага асяроддзя. Па словах Бодзілева, гэта дасць грамадзянам лішні інструмент па кантролю за выкананнем экалагічнага заканадаўства.

– Намі было распрацавана палажэнне аб грамадскай назіральнай камісіі. Там мы па пунктам распісалі, як будзе дзейнічаць гэтая камісія, пры якім органе яна будзе стварацца – камітэце прыроды і аховы навакольнага асяроддзя. У прынцыпе, у нас ёсць нядрэнныя шанцы дамагчыся стварэння гэтай камісіі, – заявіў Бодзілеў.

На прэс-канферэнцыі, акрамя журналістаў, прысутнічала таксама кіраўніцтва заводу «Омск Карбон Магілёў».

Пасля выступу Бодзілева і Краўчанкі, генеральны дырэктар прадпрыемства Марат Ігізбаеў заявіў, што прадстаўнікі завода гатовыя да дыялогу.

Мы хацелі б запрасіць вас на прадпрыемства, каб вы паглядзелі, як там уладкавана, правесці, распавесці і адказаць на ўсе пытанні, якія вас цікавяць. Мы адкрытыя. Мы хочам паказаць ужывую нашу пляцоўку. Мы мэтанакіравана з вамі рухаемся да адзінай мэты. Мы таксама патрабуем выканання нормаў экалагічнага заканадаўства. Наступная наша прэс-канферэнцыя будзе праз два-тры тыдні і мы хацелі б запрасіць на яе ўсіх прысутных, – распавёў Ігізбаеў.