Беларускія сайты недаступныя з-за мяжы, у сацсетках ідэолагі змагаюцца з фэйкамі.

У TikTok невядомыя распаўсюджваюць ролікі нібыта аб прыступе, які здарыўся на прэс-канферэнцыі Лукашэнкі. Некаторыя ролікі забяспечаны тэкстам пра нібыта яго знаходжанне ў рэанімацыі. Да барацьбы з фэйкамі падключыліся ідэолагі, якія лічаць, што такім чынам нехта хоча “разгайдаць сітуацыю”.

“Пасля галасавання і гутаркі з журналістамі Бацька напэўна яшчэ і прычэп дроў накалоў”, “Аляксандр Рыгоравіч і сёння ў страі і ўжо прымае віншаванні з перамогай на выбарах ад сваіх замежных калег”, – такімі каментарамі забяспечваюць яны свае абвяржэнні.

Адзначым, што ў дадзены момант беларускія сайты не адчыняюцца з-за мяжы. Як і папярэджвалі правайдэры, у адпаведнасці з распараджэннем Аператыўна-аналітычнага цэнтра, з 10:00 25 студзеня да 23:59 27 студзеня 2025 года беларускія хостынг-правайдэры абмежавалі доступ да віртуальнага хостынгу з-за межаў Рэспублікі Беларусь. Як заяўлена, “гэтыя меры абумоўлены пагрозамі для аб’ектаў інфармацыйнай інфраструктуры і інфармацыі, якая апрацоўваецца з іх выкарыстаннем”.

Таксама частка сайтаў не адчыняецца і з Беларусі.