Чаму 25 сакавіка ў Мінску прайшло адно з самых масавых мерапрыемстваў за апошнія некалькі гадоў, а ў Магілёве – амаль цішыня?
25 сакавіка 1918 года Усебеларускі кангрэс сваёй Трэцяй Устаўной граматай рады абвясціў першую ў гісторыі нацыянальную дзяржаву – Беларускую Народную Рэспубліку. Для многіх беларусаў гэты дзень стаў першым крокам да незалежнай краіны. Невыпадкова, што пасля развалу СССР суверэнная Беларусь пераняла ў БНР дзяржаўную сімволіку – бел-чырвона-белы сцяг і герб «Пагоню».
Пасля прыходу да ўлады Аляксандра Лукашэнкі 25 сакавіка паступова стала атаясамлівацца з апазіцыйным святам. Штогадовы марш на Дзень Волі ў Мінску стаў адной з нешматлікіх магчымасцяў прадставіць палітычныя лозунгі.
25 сакавіка 2016 года ў Менску прайшла адна з самых масавых акцый за апошнія пяць год. Па падліках арганізатараў, у ёй удзельнічалі ад паўтары да дзвюх тысяч чалавек. Сваё задавальненне паспелі выказаць лідэр партыі БНФ Аляксей Янукевіч, лідэр руху «За Свабоду» Аляксандр Мілінкевіч і экс-лідэр «Гавары праўду» Уладзімір Някляеў.
У гэты час у Магілёве самая масавая акцыя да дня абвяшчэння БНР не змагла налічыць нават сто чалавек – палітычныя, грамадскія і культурныя актывісты не змаглі аб’яднацца для агульнага святкавання. Але ці хацелі яны гэтага і ці ёсць у гэтым неабходнасць?
Магілёўскае аддзяленне Таварыства беларускай мовы ім. Ф. Скарыны ледзь не адзінае ў горадзе правяло адкрытае мерапрыемства да Дня Волі – у грамадскім цэнтры «Кола» арганiзатары чакалі ўсіх жадаючых, каб праспяваць беларускія гімны і станцаваць нацыянальныя танцы. Лідэр магілёўскіх ТБМ-аўцаў Алег Дзьячкоў лічыць, што нішто не перашкаджала іншым прыйсці і падтрымаць свята разам з імі:
– Калі мы патэлефанавалі даведацца наконт правядзення мерапрыемства на «Кола», то апынуліся першымі. І, мяркуючы па ўсім, адзінымі. Адкрыта запрашалі ўсіх, хто жадае адзначыць гэтае свята, да нас. Звычайна так і адбываецца – мы нешта ладзім, а да нас ужо далучаюцца астатнія людзі.
Чаму ж у Дзень Волі, калі наша нацыя нарэшце стала дзяржавай, палітыкі, актывісты і грамадскія дзеячы Магілёва не могуць аб’яднацца, каб адсвяткаваць гэта?
– А чаму раптам менавіта ў гэты дзень трэба раптам аб’ядноўвацца? ТБМ рэгулярна праводзіць мерапрыемствы – беларускія дыктоўкі, сустрэчы з пісьменнікамі, вандроўкі, святкаванні іншых памятных дат, але пры гэтым амаль ніхто з магілёўскіх палітычных лідэраў у гэтым не ўдзельнічае. Чаму не аб’ядноўвацца і ў такіх рэчах? Чаму мы раптам павінны пад кагосьці падладжвацца пры тым, што менавіта мы і праводзім часцей за іншых падобныя акцыі? Мы адкрытыя для ўсіх. Дастаткова проста прыходзіць, – лічыць Алег Дзьячкоў.
На яго думку, раз’яднанасць грамадства паказвае нават акцыя ў Мінску, нягледзячы на тое, што яна стала самай масавай за апошнія гады:
– Колькі прыйшло на яе чалавек. Дзве тысячы? Нават калі крыху больш, няўжо для двухмільённага Мінска гэта шмат?
Кіраўнік Магілёўскай гарадской арганізацыі Партыі БНФ “Адраджэнне” Валянціна Шчэтнікава не бачыць праблем у тым, каб прадстаўнікі іншых грамадскіх і палітычных рухаў далучыліся да святкавання Дня Волі з ТБМ.
– Мы бачылі запрашэнне ТБМ, аднак многім з членаў нашай арганізацыі проста хапіла б часу, каб патрапіць пасля нашага на іх мерапрыемства. Хоць некаторыя ўсё ж такі пайшлі на «Кола».
Галоўную прычыну раз’яднанасці на Дзень Волі Валянціна Шчэтнікава бачыць у адсутнасці аднаго канкрэтнага месца, дзе магчыма было б праводзіць мерапрыемства.
– У свой час мы збіраліся на плошчы каля краязнаўчага музея імя Раманава, потым каля СШ №1. І міліцыя нас ганяла нават. Але ў выніку так і не з’явілася традыцыйнага месца, дзе маглі б сабрацца прадстаўнікі дэмакратычнай супольнасці нашага горада. З «Кола» таксама ёсць праблемы – туды досыць складана дабірацца, асабліва калі чалавек жыве на Задняпроўі. Тым больш калі ідзе рамонт маста праз Днепр, як цяпер. Усё ж такі, калі б з’явілася месца ў цэнтры Магілёва, святкаваць такія даты агульнымі намаганнямі было б прасцей, – лічыць Шчэтнікава.
Збольшага згодны з яе меркаваннем лідэр БСДП (Грамада) па Магілёўскай вобласці Ігар Барысаў.
– Пытанне агульнага святкавання – гэта, у першую чаргу, пытанне маршруту. У тым жа Мінску ёсць абкатаны варыянт, які выкарыстоўваецца кожны год. У нас, на жаль, няма такой сімвалічнай кропкі, дзе можна было б збірацца ўсім і адзначаць Дзень Волі. Спачатку гэта было каля краязнаўчага музея. Потым, быццам бы, гісторыкі высветлілі, што прадстаўнічы сход з нагоды абвяшчэння БНФ быў у будынку цяперашняй сярэдняй школы №1, але і гэтае месца не стала агульным. Тут трэба шмат кансультавацца з гісторыкамі, – лічыць палітык.
На яго думку, дэмакратычную супольнасць Магілёва цалкам можа рабіць агульныя святкаванні і мерапрыемствы на той жа Дзень Волі. Аднак для гэтага трэба проста раз і назаўжды вызначыць месца, дзе ўсё будзе адбывацца.
– Ездзіць, як прапануюць некаторыя, да крыжа ахвярам палітычных рэпрэсій, які знаходзіцца каля мясакамбіната, мне здаецца глупствам. Усё ж такі гэта сімвал іншага. Я думаю, што да наступнага свята мы зробiм усе, каб зладзіць нешта агульнае. Можа быць, нават я ініцыюю вырашэнне гэтага пытання.
Пры гэтым Ігар Барысаў лічыць, што параўноўваць акцыі ў Магілёве і ў Мінску не зусім карэктна:
– У Мінску жыве больш людзей, у іх ёсць свой маршрут, месца, пэўная традыцыя. Таму пэўную колькасць чалавек збіраецца там на Дзень Волі штогод. У Магілёве іншая сітуацыя. Але ў нас цалкам можна сабраць людзей на агульнае свята.
Чаму ж гэтага не атрымалася ў ТБМ?
– Усё-такі аб’ява ў Інтэрнэце – гэта не тое. У нас шмат паважаных людзей, якія вартыя асобнага запрашэння на падобнае мерапрыемства. Мне здаецца, трэба было заклікаць людзей асабіста – тады б вынік быў бы іншы, – падзяліўся меркаваннем Барысаў.
Палітык, намеснік старшыні арганізацыі Партыі БНФ “Адраджэнне” Рыгор Кастусёў быў адным з заяўнікаў маршу на Дзень Волі ў Мінску. Там ён ішоў у адной калоне з прадстаўнікамі іншых палітычных партый і аб’яднанняў. Чаму ж тады не было агульнай калоны ў Магілёве?
– Гэта складанае пытанне. Ведаеце, сапраўды складанае. З аднаго боку, я не магу сказаць, што Дзень Волі прайшоў дрэнна – мы віншавалі нашых магілёўскіх сяброў з Мінска па відэасувязі, а яны віншавалі нас. Было бачна, што ў людзей святочны настрой, што яны на ўздыме. Мне здаецца, гэта і ёсць самае галоўнае, што для людзей 25 сакавіка сталася святочным днём. А адзначалі яны разам ці ж проста разышліся па сваіх кватэрах і паднялі келіхі ў сямейным коле – хіба гэта так важна?