Юбілейныя ўгодкі выбуху на ЧАЭС у абласным цэнтры адзначылі гэтак жа, як і ў папярэднія гады.
26 красавіка, Магілёў.
Афіцыйныя ўлады сабралі вялікае мерапрыемства недалёка ад псыхіятрычнай лякарні, каля памятнага знака «Мужнасці ліквідатараў Чарнобыльскай катастрофы». Туды прыйшлі прадстаўнікі абласной і гарадской улады, члены БРСМ і «Белай Русі», а таксама іншых праўладных арганізацый.
Перад імі выступіў першы намеснік старшыні Магілёўскага аблвыканкама Алег Чыкіда, які ў чарговы раз нагадаў усім аб тым, наколькі маштабная трагедыя напаткала Беларусь, як цяжка было змагацца з ёй і што, нягледзячы на ўсе цяжкасці, краіна ўпэўнена ідзе наперад.
– Асноўная задача сёння – пераход да ўстойлівага сацыяльна-эканамічнага развіцця. На гэта накіраваны і Указ №235 кіраўніка дзяржавы, у рамках якога зацверджана Праграма развіцця паўднёва-ўсходніх рэгіёнаў Магілёўскай вобласці, мэта якой – стварэнне спрыяльных умоў для жыцця людзей, прыцягненне інвестыцый, стварэнне новых працоўных месцаў, будаўніцтва жылля, – аддаў належнае прэзідэнту Алег Чыкіда.
Словы пра спрыяльныя ўмовы для жыцця людзей не перашкодзілі дзецям з танцавальнага ансамбля выступіць пад дажджом, пакуль значная частка дзяржапарату назірала за імі з-пад парасонаў.
На іншым ускрайку горада, недалёка ад Паўднёва-ўсходніх могілак, каля Крыжа памяці сваю акцыю правяла магілёўская апазіцыя. Вялікага ажыятажу сустрэча не выклікала нават сярод прадстаўнікоў дэмакратычных структур. Нягледзячы на гэта, за сустрэчай сачылі людзі ў цывільным з машыны.
Уладзімір Шанцаў (Аб’яднаная грамадзянская партыя), Юрый Новікаў (Свабодны Прафсаюз Беларускі) і Алег Аксёнаў (аргкамітэт па стварэнні партыі БХД) выступілі перад дзясяткам актывістаў і раскрытыкавалі сацыяльную палітыку ўладаў, а таксама ў чарговы раз аб’явілі пратэст супраць будаўніцтва Астравецкай АЭС. Пасля пятнаццаціхвіліннага мерапрыемства ўсе разышліся.