Суд Ленінскага раёна вынес рашэнне па справе хлопцаў, якія апаганілі помнік ахвярам Халакосту.
20 лютага. Магілёў. Суд Ленінскага раёна. Ігар Лазоўскі
20 лютага працягнуўся працэс па справе трох маладых людзей, якія ноччу 19 лістапада апаганілі помнік «Габрэям – ахвярам нацызму». Нагадаем, ім інкрымінавалі парушэнне часткі 2 артыкула 339 КК РБ (злоснае хуліганства). Леаніда Карпечанку таксама абвінавацілі ва ўцягванні непаўналетніх у здзяйсненне злачынства (ч. 1. арт 172 КК РБ), паколькі на момант інцыдэнту Станіслаў Панамарэнка і Аляксей Мітрафанаў былі непаўналетнімі. Першае пасяджэнне адбылося 16 лютага.
На другім суддзя Ігар Шведаў заслухаў матэрыялы справы і спрэчкі пракурора і адвакатаў падсудных.
Дзяржаўны абвінаваўца Святлана Крывашэіна запатрабавала 3 гады калоніі для Карпечанкі, 2 – для Мітрафанава і 2 з адтэрміноўкай – для Панамарэнкі.
– Гэта дэманстратыўны выклік грамадству сваімі паводзінамі. Яны пашкодзілі не проста маёмасць. Яны пашкодзілі памятны знак, які мае асаблівае значэнне для людзей габрэйскай нацыянальнасці. Гэта не проста парушэнне грамадскага парадку. Гэта грубае парушэнне грамадскага парадку, поўнае цынізму, – заявіла пракурор
Адвакат Карпечанкі заклікаў суд не бачыць у дзеяннях падсудных выключнага цынізму і не разглядаць інцыдэнт як злоснае хуліганства.
– Абліванне помніка не знізіла яго гістарычную, мастацкую і культурную каштоўнасць. Бок абвінавачвання не прадставіў якіх-небудзь пацверджанняў нанесенай шкоды, той жа экспертызы.
Адвакат настойваў на тым, каб суд расцэньваў дзеянні юнакоў па кодэксе аб адміністрацыйных парушэннях. У такім выпадку, заявіў ён, з Карпечанкі аўтаматычна павінны зняць абвінавачанні ва ўцягванні непаўналетніх у здзяйсненне крымінальнага злачынства.
Яго калега, адвакат падсуднага Станіслава Панамарэнкі, папрасіла суд ўлічыць, што сваякі яе падабароннага часткова пакрылі шкоду, выплаціўшы 500 рублёў з заяўленных 1000.
– У матэрыялах справы няма ніякіх дакументаў, якія б пацвярджалі кошт работ, агучаную сведкай Вараб’ёвым [скульптарам Андрэем Вараб’ёвым], – сказала абаронца.
Яна таксама звярнула ўвагу суда на тое, што цынізму ў дзеяннях Панамарэнкі і іншых падсудных не было.
– Дзеянні абвінавачаных павінны кваліфікавацца па арт. 341 КК РБ (псаванне маёмасцм), нягледзячы на тое, што мой падабаронны прызнаў сваю віну па арт. 339 КК РБ. Ён зрабіў гэта, паколькі не валодае неабходным юрыдычнымі ведамі. Акрамя таго, ён шчыра прызнаўся ў тым, што рабіў і цалкам шчыра раскаяўся. Пры прызначэнні пакарання прашу ўлічыць, што майму падабароннаму зараз толькі 16 год і ён з’яўляецца непаўналетнім. Выключна станоўча характарызуецца як па месцы жыхарства, так і па месцы вучобы.
Адвакат Аляксея Мітрафанава апелявала да таго, што ў дзеяннях падсудных не было цынізму:
– Як ужо заявіў на судзе Мітрафанаў, яны спецыяльна выбралі час, калі на вуліцы не было людзей. Такім чынам, сваімі дзеяннямі яны не маглі нанесці шкоду грамадскаму парадку ці грамадскаму спакою. Выключны цынізм – гэта выраз яўнай непавагі да грамадства. У дадзеным выпадку гэтага не было. Склад злачынства, прапісаны ў арт. 339, у дзеяннях маладых людзей адсутнічае.
Як і яе калегі, яна папрасіла кваліфікаваць злачынства як псаванне маёмасці.
Суддзя Ігар Шведаў абвясціў рашэнне праз некалькі гадзінаў. Леаніда Карпечанка прызналі вінаватым па абодвух артыкулах і далі 2,5 года калоніі агульнага рэжыму. Аляксею Мітрафанаву прысудзілі 1,5 года. Станіслава Панамарэнку, які не дасягнуў паўналецця, асудзілі на 2 гады з адтэрміноўкай, пасля чаго вызвалілі прама ў зале суда.
Пасля пасяджэння паміж сваякамі хлопцаў і прадстаўнікамі габрэйскай абшчыны успыхнула спрэчка ў калідоры будынка.
Бацькі заявілі, што з-за строгасці прысуду юнакам прыйдзецца адседзець у калоніі, пасля якой яны могуць выйсці зусім іншымі людзьмі. Іх апанент заявіў, што лепш хлопцы адседзяць год зараз, чым дзесяць гадоў за ўчыненне больш цяжкага злачынства. У выніку спрэчка перарасла ў сварку, у якой бакі перайшлі да абразаў на глебе нацыянальнасці. Пасля ўмяшальніцтва супрацоўнікаў дэпартамента аховы ўсе пакінулі будынак суда.