Па словах праваабаронцы Барыса Бухеля, яму давялося зладзіць паўтарагадзінную лекцыю ў Следчым камітэце.
13 лютага. Магілёў. Ігар Лазоўскі
Следчы камітэт пачаў актыўна тузаць магілёўскіх актывістаў, палітыкаў і праваабаронцаў па крымінальнай справе ў дачыненні да лідэраў незалежнага прафсаюзу РЭП Генадзя Фядыніча і Ігара Комліка.
12 лютага ў СК выклікалі праваабаронцу Барыса Бухеля і актывіста Аляксея Паўлоўскага. Апошні адмовіўся ехаць у Следчы камітэт, таму сьледчаму прыйшлося наведаць яго дома. Гутарка з актывістам праходзіла ў прысутнасці журналіста Уладзіміра Лапцэвіча.
Барыс Бухель жа правёў у СК каля паўтары гадзіны падчас якой, з яго слоў, «праводзіў лекцыю следчаму».
– Мяне дапытвалі ў якасці сведкі, пытанні задаваў малады следчы Дзмітрый Сёмін. Было бачна, што ён слаба разбіраецца ў тэме. Сам шчыра прызнаўся, што з Менску спусцілі спіс пытанняў, – распавёў Бухель.
Праваабаронцу здзівіў той факт, што адказы на многія пытанні следчы мог знайсці ў Інтэрнэце:
– Ён пытаўся, ці ўваходзіць прафсаюз РЭП ў міжнародныя арганізацыі. Ну вядома ўваходзіць! Усё гэта можна даведацца, зайшоўшы на сайт. Бессэнсоўныя былі пытанні. Даведваўся, ці быў я прадстаўніком прафсаюза ў якіх-небудзь перамовах за мяжой. Я радавы член, ад кіраўніцтва далёка, як я магу быць прадстаўніком арганізацыі рэспубліканскага ўзроўню?
Дзмітрый Сёмін шмат цікавіўся фінансавымі пытаннямі арганізацыі.
– Усе яго пытанні тычыліся 2011-2012 гадоў. Гэта значыць я павінен быў успомніць, што адбывалася гадоў 7-8 таму. Напрыклад, каму і як я аддаваў членскія ўнёскі. Адкуль я памятаю? Тым больш, што праз банк РЭП тады не давалі нічога афармляць, – сказаў Бухель.
Сваю сустрэчу са следчым праваабаронца называе «лекцыяй», паколькі яму «прыйшлося на пальцах распавядаць пра правы чалавека і пра грамадска-палітычнай сітуацыі ў краіне».
Напрыканцы Бухель адмовіўся даваць падпіску аб невыдаванні. Паводле яго слоў, ніякага сэнсу ў гэтым няма.
– Гэта спроба зрабіць так, што б нічога не прасочвалася ў СМІ. А пра такія ганебных допытах распавядаць трэба, – сказаў на заканчэнне праваабаронца.
13 лютага стала вядома аб тым, што ў Следчы камітэт запрасілі палітыка Ігара Барысава і актывіста Аляксандра Шаўцова.