Праваабаронца Наталля Шкадун пяць гадоў дамагаецца ўстаноўкі святлафора на пешаходным пераходзе каля Зялёнага гаю, праз які праехаў ліхач.
22 студзеня. Магілёў. Ігар Лазоўскі. Фота – УСК па Магілёўскай вобласці
Днём 20 студзеня красовер «БМВ» выляцеў з праезнай часткі на прыпыначны пункт «Зялёны гай» і збіў траіх чалавек. Усе пацярпелыя атрымалі чэрапна-мазгавыя траўмы, у аднаго ёсць пераломы. Людзям пашанцавала – машына замарудзіла свой рух пасля таго, як збіла знак пешаходнага пераходу.
Следчы камітэт ужо распачаў крымінальную справу ў дачыненні да кіроўцы за парушэнне правілаў дарожнага руху або эксплуатацыі транспартных сродкаў, што пацягнула па неасцярожнасці прычыненне цяжкага цялеснага пашкоджання. Паводле папярэдняй інфармацыі, кіроўца быў цвярозы.Праводзяцца экспертызы, абставіны ДТЗ высвятляюцца да гэтага часу.
Праваабаронца Наталля Шкадун наракае, што інцыдэнту можна было пазбегнуць:
– Апошнія пяць гадоў я ў рамках ініцыятывы «Дзіцячыя правы» рэгулярна звярталася да гарадскіх уладаў з просьбай спачатку зрабіць пешаходную зону каля прыпыначнага пункта, а потым і зрабіць рэгуляваны пераход. Гэта ж далёка не першая аварыя тут. У гэтым раёне жыве вялікая колькасць дзяцей, многія з якіх у адзіночку пераходзяць дарогу. Цяжка ўявіць, што было б, калі б, не дай бог, хтосьці з іх ішоў у тым месцы, дзе здарылася ДТЗ, – распавяла жанчына.
Паводле яе слоў, гарадскія ўлады заўсёды звяртаюцца да адной адпісцы. Ўстаноўку святлафораў яны называюць «немэтазгоднай». Шкадун лічыць, што чыноўнікіадмыслова чакаюць пабудовы футбольнага манежа і гандлёвага цэнтра ў гэтым раёне. У гэтым выпадку яны гатовыя гаварыць і пра святлафор, і нават пра падземны пераход. Аднак цяпер там няма нават «ляжачых паліцэйскіх».
– Я ў свой час дамаглася ўстаноўкі «паліцэйскіх» па абодва бакі пераходу. Аднак іх зрэзалі, калі праз наш горад ехалі байкеры з «Начных ваўкоў», каб не турбаваць ім жыццё. Пасля гэтага «ляжачых» ужо не ўсталёўвалі, – распавяла праваабаронца.
Наталля Шкадун лічыць, што інцыдэнту можна было б пазбегнуць, калі б пераход быў зроблены як трэба. Ужо зараз яна збірае подпісы за тое, каб зрабіць яго рэгуляваным і не даць інцыдэнту паўтарыцца.